bannerbannerbanner
Танцавальны марафон

Виктор Правдин
Танцавальны марафон

11

Чалавек, якi знайшоў у лесе машыну Шапавалава, выглядаў гадоў на шэсцьдзясят, быў доўгi, худы i сутулы. Панурым i злым яго рабiлi вiслыя вусы, канцы якiх ён пастаянна накручваў на ўказальны палец левай рукi. У агромнiстай правай далонi хавалася курыцельная люлька, i толькi смалiсты, адпалiраваны да люстэркавага бляску муштук трубой тырчаў з кулака i курэў дымам. Ён стаяў пасярод панадворка, маўклiвы i манументальны, пыхкаў люлькай i, выцягваючы худую шыю, пазiраў на вулiцу. Прыезд Хмары для яго не быў нечаканасцю.

Лейтэнант павiтаўся, прадставiўся. Сiўцоў назваў сябе, востры кадык на доўгай шыi нервова тузануўся, у вусах, як i ў кулаку, курэў шызы дым.

– Мне трэба задаць Вам некалькi пытанняў наконт шафёра, якога шостага чэрвеня Вы знайшлi ў лесе ў зачыненай фуры.

Сiўцоў павольна закiваў сiвой патлатай галавой, але нiчога не адказаў. Ён азiрнуўся на хату, ды так i застыў, вылупiўшы вiрлаватыя вочы на адно з акон, за якiм угадваўся жаночы сiлуэт. Было вiдавочна, што Сiўцоў чакаў нейкага знаку. Гэта здзiвiла Хмару, ён строга, па-начальнiцку перапытаў:

– Дык Вы памятаеце той выпадак цi не?

Жанчына ў акне знiкла, пануры Сiўцоў неяк вiнавата, але павесялела агледзеў госця, рудыя вусы варухнулiся.

– Канечне, памятаю, не грыб знайшоў… Толькi я пра ўсё расказваў i нат паперу падпiсаў. Дык Вы спытайцеся ў нашага ўчастковага, Генадзь Барысавiч лепей ведае, ён следства правiў.

– Хто знайшоў машыну: Вы цi ўчастковы? – па-начальнiцку строга спытаў Хмара. – Калi маёр Папруга, буду гаварыць з iм, калi Вы i не хочаце адказваць, што ж, прыдзецца грамадзянiна Сiўцова затрымаць i даставiць у Мiнск на допыт.

Сiўцоў нервова тузануў з зубоў люльку, адмахнуў ад твару едкi дым, зноў азiрнуўся на акно, да якога прыпала шыракатварая жонка.

– Ды што мы тут стаiм? – нечакана замiтусiўся вiславусы. Яго быццам падмянiлi, сутуласць зрабiлася больш прыкметнай. – Заходзьце ў хату, там i пагаворым, – залiслiвiў гаспадар i збочыў з асфальтаванай сцяжынкi.

«Гэта зусiм iншая размова», – стрымлiваючы ўсмешку, падумаў Хмара i накiраваўся да прачыненых дзвярэй.

– У справе таго шафёра не ўсё так гладка, – адразу i здалёк пачаў лейтэнант. – Пра ўсё гаварыць не маю права, толькi, здаецца, Шапавалаў – добры манюка…

– І мне, таварыш начальнiк, так здалося.

Размаўляючы, мiнулi веранду, сенцы, прапахлыя прытарнагоркiм дымам ад керагаза, i нарэшце Хмара апынуўся ў пакоi, пасярэдзiне якога высiўся накрыты белым абрусам стол. Ён быў застаўлены рознымi закускамi, у носе прыемна заказытаў пах смажаных шкварак. Каля акна з перакiнутым цераз руку ручнiком сцiшылася невысокая жанчына. На загарэлым твары сполахам свяцiлiся карыя вочы, вусны неяк ненатуральна крывiла прымусовая ўсмешка. Гаспадынi было гадоў шэсцьдзясят цi каля гэтага.

– Дабрыдзень, – здрыгануўся голас у жанчыны, яна кашлянула i, спадылба зiрнуўшы на мужа, таропка дадала: – Казiчак, якраз i абед. Запрашай чалавека.

«А мяне тут чакалi», – здзiвiўся Хмара, але сказаць нiчога не паспеў.

Гаспадар за спiнай радасна забасiў:

– Не адмаўляйце, таварыш начальнiк, чым багатыя, тым i радыя.

– Вы ведалi, што я з мiлiцыi? – з цiкаўнасцю пазiраючы на гаспадыню, усмiхнуўся Хмара.

– А тэлефон нашто? – пачырванелi шчокi жанчыны. Яна машынальна змахнула з табурэткi ручнiком, быццам выцерла пыл, запрасiла: – Сядайце.

– Маёй бабе толькi ў мiлiцыi працаваць, – дабрадушна ашчэрыўся Сiўцоў, – усё пра ўсiх ведае, як тая балгарская Ванга…

– Не плявузгай лiшняга, – лоўка рассоўваючы талеркi, буркнула гаспадыня. – Чалавек, перш чым да нас, каля Веркi Няфёдавай спыняўся, дапытваўся. А пакуль вы ў панадворку гаварылi, Насатая патэлефанавала: Вы ж прыехалi на мiлiцэйскiх «Жыгулях», хоць за плотам машыны i не вiдаць.

– Раскудахталася! – сядаючы за стол i звысака аглядаючы стравы, паблажлiва гундосiў Сiўцоў. Нечакана ён узняў на жонку здзiўленыя вочы: – Госць у хаце i без бутэлькi!

– Дык чалавеку няможна, ён жа за рулём! – трошкi знiякавела гаспадыня i ўставiлася на лейтэнанта, чакаючы, якое ён прыме рашэнне.

– А табе Верка насатая пра шафёра нiчога не напела? – цвёрда i катэгарычна зманiў Сiўцоў.

– Пра шафёра размовы не было, – перавяла позiрк на мужа гаспадыня.

– Тады нясi i не сумнявайся, – гаспадар ухапiў зубамi патухлую люльку. – Нясi пяршак, неча госця разгаворамi кармiць, а то даведаецца Папруга, як сталiчнага госця сустракала, задасць такую прачыхвостку, што свету белага не ўбачыш.

– А ты выкiнь свой смурод з роту, – злуючыся цi то на мужыка, цi то на суседку, якая нiчога не сказала пра шафёра, узвысiла голас гаспадыня. – Усю хату праваняў, ды што хату, Бягомль i той прасмярдзеў тваiм тытунём клятым.

Канечне, нiякага шафёра не было, Хмара рулiў сам, але на хлусню Сiўцова наўмысна змаўчаў, разумеў, што чарка гарэлкi – неблагая яму памочнiца. Жанчына выслiзнула ў сенцы, гаспадар, прыслухоўваючыся, выструнiўся i, пачуўшы металiчнае звяканне, – напэўна, гаспадыня бразнула ключамi – задаволена крактануў:

– Мая ўзяла…

Калi на стале з’явiлася бутэлька, Сiўцоў таропка яе раскаркаваў i, напаўняючы чаркi, прыжмурыўся.

– Цяперака можна i пагаварыць.

З-за шчыльнай выцвiлай занавескi, якая прыкрывала грузную печ i дзялiла кухню напалам, павольна выйшаў руды кот з жоўта-зялёнымi вачыма. Ён, па чарзе падымаючы заднiя лапы, лянотна пацягнуўся, пазяхнуў i сеў на пушысты доўгi хвост з белай адмецiнай на самым кончыку.

– Во, i рыжы тут як тут, – засмяяўся Сiўцоў i зняў накрыўку з патэльнi. Для ката гэта быў сiгнал, млявасцi як i не было. Ён скокнуў на доўгую лаўку ля акна i, патрабавальна мяўкаючы, зашпацыраваў, закруцiўся. Час ад часу кот выпускаў вострыя кiпцюры i драпаў iмi па лаўцы, вочы блiшчэлi, чырвоны язычок штохвiлiнна аблiзваў блiскучы чорны нос. Ён некалькi разоў спрабаваў дацягнуцца i да абруса, але лапа застывала напаўдарозе, драпануць матэрыю рыжы пабойваўся, напэўна, за гэта ён неаднойчы атрымоўваў лупцоўку.

– Бач, як просiць, – лагодна прабасiў гаспадар i, падчапiўшы вiдэльцам ладны кавалак мяса, кiнуў пад лаўку.

Ката быццам ветрам здзьмула: праз iмгненне ён знiк за занавескай са здабычай у зубах.

– Ну, дай Божа, заўтра тожа, паслязаўтра i кожны дзень, – на адным дыханнi выпалiў Сiўцоў i, расправiўшы вусы, выпiў. Хмара непахiсна адсунуў сваю чарку, але ад перакусу не адмовiўся, даўно смактала пад лыжачкай.

– А нашыя блюсцiцелi п’юць, хоць i за рулём, – гаспадар храбуснуў агурком i, быццам разважаючы ўголас, стрымана дадаў: – Хаця хлопцы добрыя, сваiм бяды не робяць… – ён яшчэ выпiў, падклаў на Хмараву талерку смажанага мяса. – А на трасе парадак трымаюць, ведаюць як…

– Прыкусi язык, плявузгала, не то Папруга яго прышчэмiць!.. – пачуўся з-за занавескi, за якой схаваўся руды кот, голас гаспадынi.

– Гэ-э-ты мо-о-жа, – хутка п’янеючы, рагатнуў Сiўцоў i распрамiў спiну. Здалося, ён стаў вышэйшы на цэлую галаву. – Барысавiча на крывой кабыле не аб’едзеш, хiтрун, якiх пашукаць… І прынцыповы…

Хмара, што называецца, уплятаў за абедзве шчакi салату з запраўленых смятанай памiдораў i гуркоў, слухаў гаспадара i думаў пра тое, як можа чалавек быць адначасова i хiтры, i прынцыповы. Ён вырашыў пакуль што не задаваць пытанняў, дачакацца, калi Сiўцоў стане больш дасцiпным.

– Памятаеш шафёра з дровамi? – падала голас жонка Сiўцова.

– Тых, хто абмiшурыў Папругу, на пальцах пералiчыць, – засмяяўся гаспадар, – але той шафёр – прайдзiсвет з прайдзiсветаў!

У iнтанацыi Сiўцова Хмара ўлавiў непрыхаваны недавер да сталiчнага мiлiцыянера. Было вiдавочна, што Сiўцоў хоча расказаць пра гэты выпадак, але што, калi нечым нашкодзiць участковаму?

– Я дрэннага маёру не жадаю, – заiнтрыгаваны размовай мужа i жонкi, зазначыў лейтэнант, – мяне цiкавiць толькi «мой» шафёр…

– Ну, калi так, павесялю сталiчнага госця, – зноў пацягнуўся да бутэлькi Сiўцоў, напоўнiў свою чарку.

– Ты б не налягаў на гарэлiцу, – папярэдзiла нябачная гаспадыня, – нарумзаешся раней часу.

Рука Сiўцова здрыганулася, завiсла над сталом. Ён зiрнуў на гадзiннiк, пачухаў патылiцу i адсунуў чарку, пiць не стаў.

– Бабу калiнiкалi трэба слухаць, – ён зноў паглядзеў на гадзiннiк, няспешна выцягнуў з кiшэнi круглую адпалiраваную да бляску бляшанку (у такiх калiсьцi прадавалiся цукеркi-ледзяшы, а цяпер гэта была табакерка), набiў люльку.

«Нешта тут не тое, – падумаў Хмара, – пра вясёлае з такiм настроем не расказваюць».

Сiўцоў чыркнуў запалкай, прыкурыў, пыхнуў раздругi i, зiрнуўшы на лейтэнанта, змушана ўсмiхнуўся.

– Пяць гадоў таму…

– Тры, – адразу паправiла яго жонка, – тады мы кароўку купiлi.

– Ты б памаўчала! – нечакана ўзвiўся Сiўцоў i моцна ляпнуў далонню па стале. – Сядзiш у нары i каркаеш. Калi такая разумная, выходзь i бяседуй з чалавекам.

Запанавала цiшыня, нават чутна было, як кот грызе сваю здабычу. Гаспадар трошкi счакаў, з напускной бравадай усё ж каўтануў гарэлку i, не закусваючы, зноў пыхнуў люлькай.

– Тры гады таму, – памякчэлым голасам працягваў Сiўцоў, – наш Папруга спынiў на трасе машыну i за нейкае парушэнне забраў у шафёра правы. Як вадзiцель нi прасiў, як нi малiў, Папруга – што камень, на пераздачу i ўсё. Чалавек адступiўся, але не ад участковага. Нейкiм чынам ён даведаўся, дзе няўмольны мiлiцыянер жыве, i наўпрасткi да ягонай жонкi: так, маўляў, i так, згаварыўся я з тваiм мужыком, што плот папраўлю i дровы пасяку. Канечне, перад тым, як зайсцi ў хату, ён па-гаспадарску агледзеў жытло ўчастковага, убачыў, дзе патрэбна мужчынская рука. Таму ў Папругавай жонкi да чалавека анiякiх падазрэнняў і не ўзнiкла, бо i дровы ў панадворку валяюцца напiлаваныя ды не пасечаныя, i плот павалiўся. Цэлы дзень гэты шафёр батрачыў, а надвячоркам i Папруга на матацыкле прытарахцеў. Убачыў – i вочы на лоб… Дровы пасечаныя i складзеныя, плот новы i нават напалову пафарбаваны. А ягоны ранiшнi парушальнiк яшчэ i на жонку пакрыквае, маўляў, фарбы мала купiла. Адразу змiкiцiў Папруга што да чаго, хвост падцiснуў… Як дакажаш, што не пад прымусам шафёр iшачыў на яго? Дый цi дасць веры начальства, калi ўсё мястэчка работнiка бачыла? А гэта – выкарыстанне службовага становiшча. Не дапусцiў Папруга скандалу, аддаў шафёру дакументы ды мiрна выправадзiў прахiндзея, – Сiўцоў гучна засмяяўся i, хiтравата пазiраючы на Хмару, нечакана спытаўся: – А што б Вы зрабiлi на месцы ўчастковага?

 

– Я? – разгублена перапытаў лейтэнант i на iмгненне задумаўся.

– Во-во, – з непрыхаванай радасцю ўскрыкнуў Сiўцоў, – загнаў у кут! А на мой розум, дык шантажыста трэба было правучыць, толькi Папруга не такi, рызыкаваць – не ў ягоным характары.

Хмара хацеў запярэчыць, але нешта стрымала, нечакана яму здалося, што Сiўцоў наўмысна яго заводзiць, спрабуе завязаць спрэчку.

– Давайце пагаворым пра нашага шафёра, – адсунуўся ад стала Хмара. У гэты момант ён пашкадаваў, што паддаўся на ўгаворы i сеў за стол. Было вiдавочна, што цяпер Сiўцоў успрымае яго як госця, а не следчага.

– Ваш вадзiцель ненармальны… – з-за занавескi вытыркнулася галава гаспадынi, i Сiўцоў, якi ў гэты момант цадзiў чарговую чарку, папярхнуўся, закашляўся, замахаў на кабету рукамi, каб тая замаўчала. Са стограмовiка выплеснулася гарэлка, серабрыстыя пырскi акацiлi твар жанчыны. – Ах так! – ажно ўзвiлася кабета i выкулiлася з-за занавескi, гатовая да больш актыўных дзеянняў. Прысутнасць Хмары стрымала яе, але маўчаць жонка Сiўцова не магла. – Канечне, ненармальны, калi прывёз табе, шасцiдзесяцiгадоваму мужыку, цэлую скрынку прэзерватываў. Не мог чым iншым аддзячыць… Папрузе гэта, можа, яшчэ i трэба, а табе, пляшываму, навошта?..

Сiўцоў ажно збялеў. Кашаль нечакана знiк, быццам перакаўтнуўся некуды ўсярэдзiну, у грудзях Сiўцова засiпела, забулькала. Ён, упёршыся рукамi ў стол, павольна ўстаў, нiжняя скiвiца дрыжэла, скамянелыя вочы палыхалi гневам. Жонка войкнула i iмгненна знiкла за занавескай, але, напэўна, яе гэта не ўратавала б…

«Не хапала, каб ён пры мне жонку пабiў!» – падумаў лейтэнант i таксама ўстаў, гатовы ўмяшацца. У гэты момант дзверы нечакана расчынiлiся, на парозе ўзнiкла каржакаватая постаць мiлiцыянера.

– Чую, мае костачкi мыюць. Цi хоць добрым мылам?

Сiўцова быццам падмянiлi. Ён iмгненна зноў стаў лiслiва-добранькiм, сутулым, вусы яшчэ больш абвiслi.

– Таварыш маёр! – радасна ўскрыкнуў гаспадар, яго хiстанула, рука ўхапiла спiнку крэсла. – Заходзьце, заўсёды Вам рады! – Сiўцоў замiтусiўся, падсунуў адно крэсла, другое, быццам мiлiцыянер сядзе адразу на два.

Без сумнення, гэта быў маёр Папруга, i Хмара зразумеў, што чакаў Сiўцоў менавiта яго, а ўсё, што папярэднiчала прыходу ўчастковага, – не што iншае, як камуфляж. І застолле, i расповеды гаспадара, i нават звада з жонкай мелi адну мэту – дачакацца Папругу.

Маёр быў невысокi i неймаверна шырокi. У першы момант Хмары нават здалося, што ўчастковы аднолькава роўны i ўвышыню, i ўшырыню. Не тоўсты, як гэта звычайна бывае, а моцны, з тых, пра каго кажуць: не ведае сваёй сiлы. Чорныя недаверлiвыя вочы абмацалi Хмару, i лейтэнант, здалося, фiзiчна адчуў iх дотык – зрабiлася нiяка-вата, быццам ён пераступiў нейкую забароненую мяжу.

– Пятровiч, у цябе госць? – не адводзячы вачэй, спытаў маёр. Хваляванне выдавала толькi вымучаная ўсмешка.

– Следчы з Мiнска, – па-вайсковаму адрапартаваў гаспадар. – Пытаецца пра шафёра, якога ў лесе знайшоў, – Сiўцоў разумеў, што хiтры Папруга стаяў у сенцах, чуў, пра што гаварылася ў хаце, i цяпер трэба думаць, як выкруцiцца, бо маёр не даруе жончынай балбатнi.

– Маёр Папруга, – прадставiўся ўчастковы i працягнуў Хмары руку. – Рады пазнаёмiцца i дапамагчы ўсiм, што ў нашых сiлах. Мiма iду, бачу сталiчную мiлiцэйскую машыну. Дай, думаю, зазiрну, раптам патрэба якая, усё ж мой участак. Але калi перашкодзiў…

– Не-не, – Хмара ледзь не крыкнуў ад болю. Суставы ягоных пальцаў шчоўкнулi ў магутнай далонi ўчастковага. – Я лейтэнант Хмара, па справе Шапавалава.

– А чаму не да мяне? – крыўдлiва развёў рукi Папруга.

Ён сiлiўся здавацца прастачком. Разумеў, што, калi нешта сур’ёзнае закруцiлася вакол Шапавалава, следчага будзе цiкавiць не афiцыйнае разбiрацельства, а тое, што было на самай справе.

– І я раiў так зрабiць, – з падлашчваннем заглядваючы ў твар участковага, падтакнуў Сiўцоў i, ставячы чыстую чарку на стол, прапанаваў: – Атабедайце з намi, Генадзь Барысавiч.

Маёр не звярнуў на Сiўцова анiякай увагi, як i не чуў. Ён чакаў, што скажа следчы з Мiнска.

– Мы планавалi сустрэчу з Вамi, – шматзначна адказаў Хмара. – На асобныя пытаннi зможаце адказаць толькi Вы.

«Так i ёсць, – спахмурнеў Папруга, – справа сур’ёзная. „Мы“ – выключае выпадковасць, лейтэнанта паслалi найперш да Сiўцова. Добра, што ўдалося падслухаць. Гэты сталiчны шчаўлiк ведае толькi афiцыйную версiю. Сiўцоў – маладзец, брахаў на мяне добра, але дачакаўся… А баба ў яго – дурнiца… І нахалеру мне былi тыя прэзерватывы? Цяпер выкручвайся…»

– Ну, калi так, то дапiвайце, а я пачакаю каля машыны, – Папруга нядобра ўсмiхнуўся i крутнуўся да выхаду.

Сiўцоў аслупянеў, ён не чакаў, што ўчастковы пакiне яго адзiн на адзiн з лейтэнантам. Бразнулi адны дзверы, другiя, i гаспадар адчайна залямантаваў, па ўсiм, спадзеючыся, што Папруга яго пачуе:

– Нiчога я гаварыць не буду, Генадзь Барысавiч усё ведае, так што i гаварыце з iм, – Сiўцоў на нейкую хвiлiнку прымоўк, зiрнуў у акно i, умольна гледзячы на Хмару, прашаптаў: – Вы свае, вы дамовiцеся, а мне тут жыць…

Лейтэнант усё зразумеў. Ён падхапiўся, падзякаваў за абед i кiнуўся наўздагон за ўчастковым, але ў сенцах нечакана спынiўся, апошнiя словы Папругi прымусiлi вярнуцца. Даўгалыгi Сiўцоў, сагнуўшыся напалам, не тоячыся ад участковага, выглядваў у акно i, убачыўшы лейтэнанта, разгубiўся:

– Я п-праўда н-нiчога не магу сказаць, – заiкаючыся, прамармытаў ён.

– Калi спатрэбiцца – раскажаце, – сказаў як адрэзаў Хмара i, выцягнуўшы лiст паперы, склаў яго ўдвая, разарваў напалам. Потым прымасцiўся да стала, адсунуў талеркi i штосьцi напiсаў на адным лiстку, потым на другiм.

Усхваляваны Сiўцоў па-гусiнаму цягнуў доўгую шыю, сiлiўся чытаць, што пiша сталiчны следчы.

– Вось, – Хмара паклаў на лiсткi самапiску i выцягнуў з кiшэнi грошы. – Гэта распiска i грошы за абед.

У Сiўцова ажно скiвiца адвiсла, ён за ўсё жыццё не бачыў i не чуў такога.

– Н-не трэба, – толькi i змог выдыхнуць iмгненна працверазелы гаспадар i замахаў рукамi.

– Распiсвайцеся! – узвысiў голас Хмара i паблажлiва дадаў: – Яшчэ як трэба, а апраўданнi пакiньце для Папругi.

– Я хацеў сказаць, што гэта зашмат, – кiўнуў на грошы знiякавелы Сiўцоў i таропка, дрыжачай рукой напiсаў пад сваiм прозвiшчам тры першыя лiтары. Цяпер ён баяўся гэтага лейтэнанта больш за Папругу.

– Вось i добра, – засмяяўся Хмара, – будзем лiчыць, што я паабедаў у рэстаране.

Папруга на ўсялякi выпадак запiсаў нумар «Жыгулёў», на якiх прыехаў сталiчны следчы, i ў чаканнi ўладкаваўся на лаўцы, што тулiлася ля плота. У справе з шафёрам ён, канечне, дапусцiў пэўныя хiбы, але ж у якiх справах iх няма. «Я што – зусiм дурань, каб вешаць на сябе злачынства, якое нiколi не будзе раскрыта? – шукаў апраўдання Папруга. – Шафёр ва ўсiм вiнавацiў сябе. Калi папраўдзе, то i да гэтага часу мне не ўсё зразумела ў той справе, але навошта цiснуць на шафёра? Ён нi на кога не скардзiўся, нiкога не вiнавацiў, а каяўся i прасiўся. Дык што, я павiнен быў прымусiць бедалагу пiсаць заяву аб злачынстве? Яшчэ i невядома, цi было там тое злачынства…»

Калi брамка рыпнула, i на вулiцу таропка выйшаў лейтэнант, Папруга ўжо ведаў, з чаго пачынаць размову са сталiчным шчаўлiкам. Ён быў перакананы ў сваёй праваце, вось толькi прэзерватывы… Калi селi ў машыну, Папруга ўпэўнена прапанаваў:

– Я прапаную пакiнуць усё як ёсць…

– Не разумею, – шчыра здзiвiўся Хмара.

– Вы пацвердзiце вынiкi маёй праверкi – i мы квiты.

– А я нешта Вам вiнен? – зноў здзiвiўся лейтэнант.

– Справа ў тым, што Ваш прыезд не застанецца непрыкмечаным. Пра тое, што Вы прымусiлi Сiўцова ладзiць застолле, я павiнен далажыць свайму начальству. Пiлi гарэлку цi не, я не бачыў, а вось Сiўцоў, канечне, гэта пацвердзiць.

Хмара здагадваўся аб ролi Сiўцовых у хiтрамудрым плане Папругi, прадбачыў магчымыя папрокi з боку ўчастковага, але каб вось так, адразу шантажыраваць… Лейтэнант заглушыў рухавiк i, не хаваючы злосцi, крутнуўся да маёра:

– Вы, Генадзь Барысавiч, – вялiкi iнтрыган, але ў дадзеным выпадку перахiтрылi самога сябе, – Хмара дастаў распiску Сiўцова. – Другi экзэмпляр папрашу прышпiлiць да рапарта, у якiм будзеце паведамляць аб маiм злоўжываннi службовым становiшчам. Бачыце подпiс Сiўцова? Гэты затурканы чалавек узяў з мяне за абед грошы. Думаю, значэнне дакумента тлумачыць не трэба. Цяпер што тычыцца гарэлкi. Абяцаю, як толькi прыеду ў Мiнск, прайду наркалагiчны агляд. Заключэнне абавязкова прышлю цi сам прывязу. А цяпер – асноўнае: Шапавалаў памёр, i ёсць падставы меркаваць, што не сваёй смерцю. Вы юрыст i разумееце, чым рызыкуеце, калi будзеце ўтойваць праўду. Думаю, без службовага разбору ўжо не абысцiся, але Ваш намер i надалей ставiць палкi ў калёсы следству цягне за сабой крымiнальную адказнасць.

На нейкi момант у машыне запанавала цiшыня, пад магутным целам участковага зарыпелi спружыны, вочы яго акруглiлiся, твар спалатнеў.

– Вы што, сур’ёзна ўспрынялi мае словы? – нечакана ўскрыкнуў Папруга i ляпнуў далонямi сябе па каленях. Машына захiсталася. – Я ж пажартаваў. Дай, думаю, устрою праверку сталiчнаму калегу. А Вы, лейтэнант, маладзец – не з пужлiвых.

Хмара спадылба зiрнуў на маёра. Весёлая бравада Папругi здавалася шчырай, але ён больш не верыў гэтаму чалавеку.

– А з якiм iмпэтам Вы сказалi пра палкi ў калёсы i крымiнальную адказнасць! – зарагатаў Папруга. – Вам бы пракурорам быць, а не следчым! І з распiскай атрымлiваецца анекдот, цяперака не дадуць местачкоўцы праходу Сiўцову…

12

Маёр Кудзiн быў начальнікам следчага аддзела Маскоўскага РАУС, i прыезд падпалкоўнiка без папярэдняй дамоўленасцi быў больш чым нечаканы. Высокi, хударлявы Кудзiн сваiм доўгiм кручкаватым носам, вострым падбародкам i асаблiва кадыком, якi ўвесь час рухаўся на шыi, нагадваў нейкую драпежную птушку.

Мiкулiч не спяшаўся раскрываць мэту вiзiту, разлiчваць, што маёр з радасцю ўспрыме ягоныя падазрэннi наконт смерцi сястры Шапавалава, было, па меншай меры, наiўна. Асцярожны Мiкулiч пачаў бадзёра i здалёк:

– Сяргей Iванавiч, мэта майго вiзiту – не на цябе палюбавацца…

– Здагадаўся, – кадык у Кудзiна нервова тузануўся, быццам ён нешта пракаўтнуў.

– Прывяла смерць Казаковай… – Мiкулiч не адводзiў вачэй ад маёравай шыi. У нейкi момант яму здалося, што кадык тузаецца таму, што Кудзiн нешта глытае. Гэта раздражняла. – Я расследую смерць Шапавалава, стрыечнага брата Казаковай.

Каля гадзiны Мiкулiч расказваў пра Шапавалава, а напрыканцы засяродзiў увагу на вiзiце Хмары да Казаковай, узгадаў участковага Барану.

– А цяпер пакумекай, – падвёў рысу падпалкоўнiк, – якая жанчына на ноч гледзячы мые вокны? Можа, твая жонка? Мая то не.

Галоўная задача Мiкулiча была ў тым, каб пасеяць сумненнi ў правiльнасцi афiцыйнай версii смерцi Казаковай. Кудзiн успрыняў пачутае знешне спакойна, але надоўга задумаўся, i толькi кадык па-ранейшаму тузаўся i цяпер не тое што раздражняў, ён даводзiў падпалкоўнiка да шаленства.

Кудзiн быццам адчуў, што нечым раздражняе Мiкулiча, паспешлiва ўстаў, заклаў рукi за спiну i зашпацыраваў па пакоi. Пачуўшы, як за спiнай рыпнулi маснiчыны, Мiкулiч уздыхнуў вальней i нечакана падумаў: «Як мала трэба чалавеку: знiк з вачэй iндычы сутаргаваты кадык – i дыхаць стала лягчэй».

Пытаннi Мiкулiча трапiлi ў самае яблычка. Кудзiн у першую хвiлiну знаёмства са справай Казаковай таксама пытаўся пра тое, чаму пацярпелая мыла вокны ноччу.

«Мая жонка ў любы час сутак можа не толькi прыбiрацца ў кватэры, але i перасоўваць мэблю», – не задумваючыся, спаслаўся на «бясспрэчную iнстанцыю» дзяжурны следчы, што выязджаў на месца здарэння.

Аб няшчасным выпадку сведчыла суседка з нiжэйшага паверха. Праўда, моманту падзення яна не бачыла, але прызналася, што за некалькi хвiлiн да здарэння яны з Казаковай сварылiся. Казакова, мыючы акно, бруднай вадой заплюхала бялiзну, вывешаную на балконе, i суседка ўзнагародзiла яе даволi гучнымi i непрыстойнымi эпiтэтамi. Гэта таксама чулi iншыя суседзi, i ўсе яны сцвярджалi, што Казакова была на падпiтку. Фотаздымкi з месца здарэння дапаўнялi карцiну i поўнасцю пацвярджалi версiю няшчаснага выпадку.

Кудзiн чакаў, што яшчэ скажа хiтры Мiкулiч, але паўза зацягвалася, i трэба было прымаць нейкае рашэнне. Але не Казакова ў гэтыя хвiлiны яго турбавала – з ёй было ўсё зразумела i проста. Па-сапраўднаму ўсхваляваў участковы Барана. Кудзiн ведаў, што маёр сябруе з начальнiкам аддзела Белым, а гэта неймаверна ўскладняла сiтуацыю. Ён не мог дапусцiць, каб менавiта ад яго, Кудзiна, пайшлi кампраметуючыя Барану звесткi, ды яшчэ не правераныя. «Пацвердзяцца падазрэннi Мiкулiча цi не – адказваць мне, – раздражнёна пакусваючы вусны, думаў Кудзiн. – Чаму ты прыпёрся да мяне, а не да Белага? Круцiся цяпер…»

 

– Участковы Барана – адзiн з лепшых супрацоўнiкаў, – здалёк пачаў Кудзiн, – кiнуць цень на чалавека проста, а вось што рабiць, як не пацвердзяцца падазрэннi? Канечне, iнфармацыя заслугоўвае ўвагi, але Барана – не мой падначалены. Лепш гаварыць адразу з Белым.

– Мяне зусiм не турбуе, з кiм спiць Барана, – зразумеўшы Кудзiна, рэзкавата зазначыў Мiкулiч. – Я прыйшоў з адным – знайсцi паразуменне i па-сапраўднаму адпрацаваць версiю забойства Казаковай, бо не выключаю, што смерць Шапавалава i ягонай сястры ўзаемазвязаны.

– Ну, гэта занадта, – запярэчыў Кудзiн, – няшчасны выпадак даказаны, пацверджаны сведкамi. Хаця… – маёр прымоўк, у вачах блiснуў зларадны агеньчык. – Хоць Вам нiхто не забараняе звярнуцца па iнстанцыi.

1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21 
Рейтинг@Mail.ru