Справа ад Максіма Фёдаравіча непатрабавальна і глуха зашумелі дрэвы. Яны вялікім натоўпам сабраліся побач, выслухваючы плёткі высока гуляючага ветру. Мужчына спакойна паглядзеў на іх шэра-аранжавую стройную постаць, на зялёныя пышныя галіны. Ён падсунуўся бліжэй і ўспамінамі вярнуўся ў мінулае. Яшчэ пару гадоў таму, тут, на гэтым участку лесу, Максім Фёдаравіч займаўся саманарыхтоўкай дроў. Гудзела піла, старыя дрэвы падалі, радзеў натоўп. Мужчына сам валіў высокія сухія хвоі, распілоўваў іх на часткі, а затым разам з сынам грузіў бярвёны ў прычэп і вез іх асабістым трактарам дадому. Цяпер у гэтым месцы не засталося тоўстых сухіх дрэў. А вось злева, у нізкіх голых кустах, уздоўж дарогі, яшчэ радзелі высокія, старыя і тоўстыя, крывыя хвоі. Паміж імі можна было ўбачыць тое самае шырокае поле, якое мільгала сваёй пустэчай з самага скрыжавання.
Павольна ішоў Максім і, злёгку пасопваючы шырокім носам, ён прыслухоўваўся да галасавой разнастайнасці лесу. Удалечыні, наперадзе, маячылі дзве чорныя кропкі з чырвонымі языкамі, якія без стомы рухаліся па дарозе. Гадаванцы перамяшчаліся з боку ў бок, не губляючы з віду Максіма. Уздоўж дарогі можна было сустрэць невялікія рудыя бярвення. То справа, то злева, кінутыя двухметровыя часткі маладой хвоі ляжалі так, нібы хтосьці яшчэ за імі абавязкова вернецца. Ну а пакуль, бяздушная драўніна, паасобку, убірала халаднаватую паверхню зямлі.
Зялёны мох хаваўся, вылазіў з-пад хвойнага смецця, ляжаў пад густымі кусцікамі. А там, у цёмных нізінах, куды яшчэ цяжка было дабрацца сонцу і цёпламу вясноваму паветру, смела адпачываў снег. Ён бесклапотна тонкай белізной, як раскіданыя чыстыя лісты паперы, заставаўся невялікім напамінам аб лютаўскім снегападзе.
Нікуды не знікалі і пазнакі вайны. Хоць акопы за доўгі час аселі, трохі згладзіліся, але ўсё ж яны не страцілі сваёй важнасці пасляваенных адбіткаў. Квадратныя парослыя формы, насыпы па контуры – малявалі мінулае. Гледзячы на іх, можна было ўявіць, як з гэтых траншэй стралялі адважныя салдаты, як у шырокіх акопах стаялі гаўбіцы, танкі. Ад гэтага месца веяла бітвай, болем і смуткам.
Крок за крокам і лес стаў мяняцца, дарога змянялася. Замест іголкавага покрыва, уся паверхня паступова высцілалася леташняй лістотай. Максім Фёдаравіч падышоў да наступнага скрыжавання. На скрыжаванні былі добра прыкметныя межы. Нібы лясныя дарогі малявалі сабой лінію, мяжу, падзяляючы іглічныя дрэвы ад лісцяных парод. Але як бы сартаванне не разбівала, не адштурхоўвала і не дзяліла дрэвы на віды, уздоўж дарог, сярод клёнаў і асін, з'яўляліся адзінокія зялёныя хвоі і елкі. А маладыя адзінокія лісцяныя дрэвы перабягалі да хвойнага бору, разрасталіся ля яго краю.
Максіма Фёдаравіча атачыў водар свежасці. І хоць лёгкая стомленасць з'явілася ў яго нагах, дыхалася добра. Таму, ён не спыняўся, каб перавесці дыханне. Але ўсё ж, мужчына зменшыў ход. Бо не кожны тыдзень ён, вось так, у свой выхадны, адпраўляўся ў лясны шпацыр, падобна гэтаму. Наперадзе яшчэ не было відаць канца шляху. А прыемныя гукі прыроды і прыгожыя пейзажы не адпускалі дарогу. На скрыжаванні Максім Фёдаравіч павярнуў налева, туды, дзе стаялі голыя дрэвы, што былі як штыкі, як пучкі дроту, якія тырчаць з зямлі. Тут былі асіны, дубы і клёны. Пад выглядам вялікага разасланага абруса, пад леташняй лістотай, расліны хавалі свае дробныя карані. Хаваліся ў шчыльным пласце лістоты і ў старых пнях насякомыя, абараняючы сябе ад холаду і галоднага звера.
У нагах ужо прыемна зашалясцела, калі над галавой нягучна засігналіла маленькая шэрая птушка. Мухалоўка пералятала з галінкі на галінку і сваім цыканнем, нібы праводзіла Максіма, сачыла за ім. Тут жа, у лесе лётала незмаўкальнае разнастайнае стракатанне шпака. Чорная птушка мяняла свае прыгожыя спевы: то крычала падобна старой рыпучай замесы лёгкай веснічкі, калышучай ад ветру туды-сюды, то пасвіствала кароткім дрыгаценнем, то спрабавала капіяваць іншых птушак. Удалечыні, дзесьці за спіной, можна было пачуць рэдкае «ку» зязюлі. Шэрая частка лесу, у адрозненне ад хвойнай зялёна-карычневай паловы, не шумела вяршынямі. Тут, сярод разнастайнасці юных лісцяных дрэў, мужна глядзеліся дубы-волаты. Адразу і не скажаш, колькі дакладна гэтым размашыстым і моцным волатам гадоў, але адно праўда – было больш, чым Максіму Фёдаравічу.
Лясная дарога была роўная, няраз'язджаная, была чыстая ад кустоў і галінак. Яна вывела мужчыну на ўзаранае шырокае поле. Адсюль, ад краю лесу, праз поле, можна было ўбачыць цвёрдую дарогу, кювет з кустамі, а за ўсім гэтым зялёную сцяну ляснога масіву.
Уздоўж лесу, недалёка ад Максіма, валяліся спілаваныя і паваленыя тонкія дрэвы. Кара часткова адышла ад засохлых кінутых ствалоў, а сонца, прыпякаючы адкрытыя ўчасткі драўніны, афарбавала ўсё ў шэрыя адценні. Высокая, леташняя, сухая трава, нібы русымі валасамі, густа схавала сабой тыя часткі дрэва, што моцна і безжыццёва прыціснуліся да зямлі. Цёмныя галінкі тырчалі з-пад вязкай жоўтай травы і мяккага моху. Тут, ля мяжы поля і лесу, Максім Фёдаравіч знайшоў знаёмыя халодныя валуны. Вялікія светла-шэрыя камяні, нібы больш не раслі і, хоць, працягам у пятнаццаць гадоў мужчына бачыў іх толькі некалькі разоў, здавалася, што камяні не змянялі свайго памеру. Яны толькі знізу пазелянелі ад вільгаці, абляпіў іх дробны мох-паразіт. Максім трохі пастаяў тут, каля поля, агледзеў усю прастору вясновай прыроды і адчуў непрыемную лёгкасць. Расслабленасць душы захоплівала цела і думкі, вабіла вялікім жаданнем больш нікуды не ісці. Быў б тут ложак або канапа, мужчына бы з задавальненнем прылёг на гадзінку. Максім Фёдаравіч глыбока ўздыхнуў. Надышоў час вяртацца назад, дадому.
Сабакі бегалі побач, кружылі недалёка ад гаспадара ў чаканні яго наступнага кроку. Яны непрыкметна касавурылі вокам у яго бок, шукалі адказу, меркавалі, куды і калі пойдзе Максім. Гаспадар нядоўга разважаў над выбарам: вярнуцца дадому той жа лясной дарогай, якая прывяла яго сюды, ці ж, перайсці поле і апынуцца на пясочна-гравійнай дарозе, а па ёй ужо выйсці да вёскі. Мужчына абраў другі варыянт. Ён паклікаў да сябе сабак і адважным крокам ступіў на ўзараную зямлю.
Цёмна-карычневая мяккая паверхня пуставала. Увосень тут прайшліся плугам, таму поле хутка прагравалася вясновым яркім сонцам, сталі прабівацца стрункі пырніка. «На такую глебу можна ўжо сеяць авёс», – падумаў Максім Фёдаравіч і спакойна пакрочыў прама да цвёрдай дарогі. Мяккая зямля хавала ўсю таўшчыню цёмнай падэшвы. За Максімам цягнуліся роўныя сляды ад галёшаў. Ногі амаль не грузлі. Пахла рыхласцю. Прайшоўшы палову поля, мужчына знайшоў свежыя і даўнія сцежкі дзікіх свіней. На сырой глебе захоўваліся сляды ад шматлікіх капытоў, можна было з упэўненасцю сказаць, што вялікі статак пераходзіў поле, таптаўся тут некалькі разоў. Па адным і тым жа шляху бегалі звяры, змяняючы адзін лес на другі. Вузкая пракладзеная сцежка віляла, месцамі шырылася. Па малюнку было бачна, як маленькія сляды капытцаў адбягалі ад галоўнай дарожкі і вярталіся назад да яе ж, робячы невялікае паўкола. Мабыць, з дазволам больш дарослых дзікоў, маладыя свінкі шукалі не толькі пражытка, але і спазнанняў. Не адыходзячы ад статка занадта далёка, карычневыя дзікі-аднагодкі адчувалі сябе свабодна і самастойна. Можна было лёгка ўявіць, як яны бегалі, рыліся і пазіралі па баках.