
Полная версия:
Андрей Ясько Апошні алгарытм
- + Увеличить шрифт
- - Уменьшить шрифт
– Мы яшчэ не сябры, табе нішто не замінае мяне падслухаць!
Травіна адарвалася, пакруцілася сіратліва ў пальцах і адляцела ўбок. Пасля гэтай дэпіляцыі Травень узяўся разглядаць неабрэзаныя пазногці – адзін з іх быў зламаны.
– І суседзяў будзеш праз прыцэл разглядаць, – дадаў ён.
– Вось суседзям у галаву і не зашкодзіла б залезці!
– Яны з табою ветліва вітаюцца, а думаюць зусім інакш.
– Галоўнае, што я думаю!
Суразмоўца быццам і не чуў мяне:
– А колькі ў цябе сваякоў? Вось, лічы, потым ты ніводнага і на парог не пусціш. Па тваім камфортным сусвеціку ўсё гэта ўраганам пройдзе. З аднаго боку добра – перастанеш жыць ілюзіямі. А з другога – яно табе трэба?
Травень замоўк, потым рашуча паставіў кропку:
– І я не Бог, каб ведаць усе думкі ды застацца пры сваім розуме.
Чатыры тоны наяўнымі
Кажуць, што ад моцнага стрэсу губляюць сон.
Не ведаю, як у саміх даследчыкаў, а ў мяне атрымалася наадварот – я адключыўся. Нібы выцягнулі шнур. Мабыць, радыкальны ўзлом усяго светаўспрымання патрабаваў перазагрузкі. Як там казаў Травень? – Па маім камфортным сусвеціку ўраган прайшоўся, вывярнуўшы з коранем векавыя дрэвы.
Прачнуўся я ад таго, што нехта парохкваў і павіскваў пад гамаком.
– Стас, гэта ты пра абед падумаў? – прабіўся праз дрымоту сонны голас Траўня.
– Пра які яшчэ абед? – Я прадраў вочы, павярнуўся, каб глянуць, хто там круціцца, але забыўся, што гамак не ложак – перакуліўся проста на парсюка.
Той выдаў моцны віск і рвануўся ўбок, скінуўшы мяне. Травень весела зарагатаў:
– Вось да цябе і свінства прыбыло – чытае думкі без усялякага транслятара!
Уладальнік віску адбег на бяспечную адлегласць і натапырыўся, паглядаючы на мяне маленькімі вочкамі. Цёмна-буры, шчацінаваты, з выразнымі ікламі кабанчык. Усяго каля паўметра ў карку. Не зразумець: яшчэ падсвінак ці ўжо дарослы кабан? Мяркуючы па іклах, ужо дарослы, проста астраўная карлікавасць не дала падняцца вышэй над зямлёй.
Лабрык, які павінен быў папярэдзіць пра ўварванне, намагаўся пасябраваць з нечаканым госцем, калі не кроўна пабратацца.
– Вось абед і сам прыйшоў. – Я радасна пацёр рукі. – Нясі свой мушкет! Ці чым ты там іх здабываеш?
Парсюк пагрозліва рохкнуў і наўсякі выпадак адсунуўся яшчэ далей.
– На жаль, Дзічок у наш рацыён не ўваходзіць, – Травень выбраўся з гамака, падышоў да яго і пачухаў шчаціністую хрыбціну. – Год таму знайшоў яшчэ малым у джунглях, адбіўся ад сямі. З таго часу так і ходзіць за мной. Прывязаўся, як сабачанё, шкада на абед пускаць.
У адказ даляцела пакрыўжанае рохканне.
Мяркуючы па ўсім, нармальнага абеду тут не знайсці на дзесяткі міль вакол. Голы мармуровы дыск на цурбаке ў хіжыне мог накарміць хіба што непрыемнымі ўспамінамі.
Колькі мы праспалі? Гадзіну? Дзве? Ці ўсе тры? Я неміласэрдна скуб сябе, што здагадаўся скінуць куртку дома разам з тэлефонам. Трапіць у гэты рай і не прыхапіць з сабой камеру! Колька, калі і паверыць, за астатняе жыццё насверліць ва мне больш дзірак, чым сталяр да пенсіі.
Сонца хілілася да захаду. Спёка паступова сунімалася, а з акіяна павеяў прахалодны брыз. Паверхня лагуны пасінела, пакаціліся лёгкія хвалі. Пачаўся адліў, агаляючы палосы мокрага пяску.
Травень схадзіў у сваю бамбукавую хаціну і вярнуўся з невялікім гарпуном. Крытычна агледзеў мяне з галавы да ног, пасля вынес вердыкт:
– Сёння з цябе рыбак ужо аніякі, будзеш даваць парады з берага.
– Якія яшчэ парады?
– Ну як якія – тыя, што з дывана лепш відаць! – засмяўся ён і рушыў у ваду.
Мая скура ўжо ўзялася нездаровай, яркай чырванню, асабліва на плячах. Таму мне заставалася толькі сачыць, як недзе далёка ад берага то знікае, то зноў вынырвае зялёная чупрына. Над плыўцом закружыў чорны фрэгат з белай грудкай – яго метровыя крылы злавесна разрэзалі паветра.
І сапраўды, вельмі карцела даваць парады. Я быў упэўнены, што трымаць трэба правей, вунь на тую шырокую смарагдавую пляміну – там здабыча толькі і чакала, калі па яе прыйдуць. Мінула з паўгадзіны. Недагадлівы лавец усё ніяк не паварочваў да падводнага кландайку, аж вось уверх пераможна ўскінулася рука з гарпуном – на ім забілася вялікая рыбіна. Фрэгат рынуўся было ўніз, на лёгкую здабычу, але ля самай вады перадумаў і зноў узвіўся ўгору.
Да берага Травень дабраўся, заціснуўшы рыбіну ў зубах.
Гэта была кефаль. Магутнае цела, цёмная сінявата-зялёная спінка, бокі і брушка адлівалі жывым срэбрам. Велічынёй амаль з руку, каля чатырох кілаграмаў. Дакладны ўдар гарпуна прыйшоўся ў бок – проста за жабрамі, не даўшы ніводнага шансу сысці ў глыбіню. Несумненна, прыгожы ўлоў! Добра, што нічога не паспеў параіць.
– Ну, што глядзіш? Бяжы па гаршок! – загадаў здабытчык.
Калі я вярнуўся з адзіным бітым гаршком на ўвесь востраў, Лабрык і Дзічок ужо спрачаліся, каму выпадзе ганаровы абавязак вартаўніка. Яшчэ колькі хвілін таму быў бачны толькі адзін фрэгат, а тут іх ужо назбіралася з дзясятак – кружылі зверху дружным калектывам. Чатыры кілаграмы наўрад ці здолеюць сцягнуць, але ўрваць на месцы паспеюць. Ахова выпала мне. Пакуль Травень цягаў ламачча з зараснікаў, я сцярог рыбу і ад зладзеяў зверху, і ад саміх кандыдатаў у вартаўнікі. Лабрадор трымаўся на дзіва інтэлігентна, цярпліва назіраў за ўсёй нашай мітуснёй. Затое думкі Дзічка было чуваць без усялякага транслятара. Не толькі чуваць, але і відаць здалёк – і так жаласліва благалі, што самому хацелася знарок адысці ці адвярнуцца хоць на хвіліну.
Ламачча склалі на старое кастрышча. Знізу – найдрабнейшае, вышэй – таўсцейшае сучча. Пад самы ніз напхалі сухога какосавага валакна. Я чакаў, што зараз зявіцца трут, крэмень, крэсіва ці, яшчэ лепш, давядзецца да крывавых мазалёў церці палачку аб якую-небудзь трэску. Але туташні аскетычны лад жыцця не надта трымаўся за каменны век. Хітра падмігнуўшы, мой нядаўні госць выцягнуў запалкі барысаўскай фабрыкі. Запалак там заставалася роўна столькі, колькі я пакінуў апошнім разам на кухоннай паліцы.
– Я сёе-тое ў вас запазычыў, – бясхітрасна растлумачыў Травень.
Цікава, як ён правярнуў фокус з пустымі кішэнямі?
Хутка затрашчаў агонь, пад кронамі пальмаў папоўз горкі дым. Нікога не сустрэўшы на сваім шляху, ён павярнуў да нас. І куды б мы ні пераходзілі – дым, як жывы, пераследаваў нас. Неміласэрдна шчыпаў вочы і, несумненна, быў задаволены нашым цёплым гуртам.
Прыгажуня-кефаль лягла на мармуровы стол, які прыціснуўся да бамбукавага курэня звонку. Пасаду галоўнага кухмістара даверылі было мне, але нож перахапілі пры першай жа спробе.
– Стой, так ніхто не робіць, – Травень адабраў яго. – Трэба вось так, ад галавы да хваста!
Спрытна арудуючы, ён за хвіліну ўправіўся з рыбінай. Галава і вантробы паляцелі шчасліваму Дзічку. Ад гэтага відовішча адвярнуўся нават Лабрык: без пярэчанняў саступіў усё канкурэнту. Тушку мы вымылі ў марской вадзе, старанна вычысціўшы нутро ад чорнай плёнкі. Затым цалкам завярнулі ў шырокі бананавы ліст.
Сонца тым часам скацілася да гарызонту. У тропіках яно садзіцца хутка. Аранжава-чырвоны дыск дакрануўся да далёкага мысу – і паверхня лагуны ператварылася ў расплаўленую медзь. Неба заліло цёплым залацістым святлом, а белыя воблакі ўспыхнулі знізу чырванню. Кучавыя горы, здавалася, нерухома завіслі ў вышыні распаленымі кручамі.
Хвілін праз дваццаць палымянны шар патануў у бязмежным акіяне. Даменная печ лагуны пагасла, пацямнелі грабяні хваль. Пажар у воблаках пратрымаўся даўжэй, але хутка дагарэў і ён. І пляж, і лагуну, і сінь акіяна разам накрыла кароткае сутонне. Далёкі прыбой растварыўся ў змроку. Густа-фіялетавае неба раскрэслілі чорныя графічныя сілуэты пальмаў.
Зявіліся першыя зоркі.
Калі нагарэла жару, Травень адгроб галавешкі, раскапаў гарачы пясок і паклаў загорнутую рыбіну ў гатовую печку-ямінку. Прысыпаў зверху. Насунуў бліжэй вугельчыкі і нагрэтыя камяні. Цяпер за асабліва клапатлівага Дзічка можна было не хвалявацца.
Вакол вогнішча цемра насядала сцяной – хоць вока выкалі. Да таго ж дым усё не суцішаўся, таму мы вырашылі прайсціся.
Адліў да таго часу дасягнуў свайго піку. Паміж сілуэтамі пальмаў і амаль чорнай вадой засталася шырокая светлая паласа, на якой блішчалі лужыны.
Над намі ва ўсёй першазданнай раскошы раскінуўся нябесны купал. На чорным аксаміце высыпала безліч дыяментаў. Яркія, вялікія і недасяжныя. Іх тут зіхацела значна больш, чым у нашых шыротах. Млечны Шлях на гэтым небе пралягаў вышэй, амаль над самай галавой – зорная рака велічава сцякала да краю небасхілу.
З надыходам ночы пахі солі, ёду і выкінутых водарасцей сталі выразнейшымі. Цыкалі цвыркуны, недзе стагналі буравеснікі, з зараснікаў даляталі крыкі невядомых птушак. І няспынны, далёкі рокат прыбою.
У цёмнай глыбіні раз-пораз спалахвалі шлейфы блакітных іскраў.
– Хто гэта, электрычныя вугры? – спытаў я.
Травень пляснуў мяне па плячы і да каленяў зайшоў у ваду – яго ногі ахутала мяккае, зелянавата-блакітнае ззянне. Сунуў рукі – і яны таксама апынуліся ў светлавых каконах. Нявідзімыя светлякі на нейкі момант ажывалі, быццам самі хацелі разглядзець, што ўварвалася ў іх калонію, а потым гаслі. Я пабег па плыткаводдзі – быццам па мінным полі: кожны крок выбухаў блакітнымі сполахамі, пакідаючы ззаду ланцужок згасальных слядоў.
Але мяне дагнаў трывожны вокліч:
– Я б табе не раіў тут бегаць – наступіш на ската!
Я стаў як укопаны. Сам дарадца спакойна пабрыў па вадзе, засмяяўся і адкрыў таямніцу:
– Хадзі як дзед стары, не адрывай ног ад пяску. Скат пачуе вібрацыю і сам адпаўзе.
Потым мы плавалі ў гэтым фантастычным ззянні. Кожны ўзмах рукі, кожны рух спараджаў мігатлівае воблака, якое то дзялілася, калі мы разыходзіліся, то зноў злівалася ў адно цэлае. Травень растлумачыў, што гэта – планктон, аднаклеткавы, з нейкімі там біялюмінесцэнтнымі ўласцівасцямі. З першага разу і не вымавіш: некаму ж падабаецца ў нашым свеце даваць складаныя назвы. Толькі біялогія, ніякай магіі.
Калі мы вярнуліся – вячэра ўжо была гатовая.
Травень выграб з пяску гарачы скрутак і развярнуў яго на мармуровым стале. Пад пальмамі паплыў водар пячонай рыбы. У жываце нібы гармонік зайграў. Я ўспомніў, што за ўвесь дзень у роце анічога не было, акрамя салёнай вады. Раніцай як задаволіўся чаем з двума тонкімі бутэрбродамі – так і прабадзяўся да вечара.
Пакуль апетытныя кавалкі стылі, зводзячы з розуму і мяне, і лабрадора, галоўны кухмістар збегаў у джунглі. Вярнуўся з гронам дзікіх бананаў – дробныя, да таго ж зялёныя, але згаладаламу воку ўсё зойдзе.
Я накінуўся як воўк. Травень не спяшаўся, відаць, маміны цукеркі яшчэ не прайшлі. Лабрадору дасталася трэцяя частка. Толькі вось мы памыліліся, аддаўшы адразу ўсё. Лабрык, як і ўсе сабакі, ніколі не жуе – неімаверна душачыся, пракаўтнуў сваю порцыю амаль імгненна. Потым зноў пусціў у ход увесь свой акцёрскі талент, які заслугоўваў толькі «Оскара»: ад неверагодна благальных вачэй да штурхання носам пад руку і кранальных узмахаў лапай. І ні кроплі сораму за цэлую палку сервелату. Прабач, мы сваё сумленне таксама недзе выкінулі.
Дзічок кудысьці знік, так і не дачакаўся. Відаць, ведаў, што ягоны ліміт ужо вычарпаны.
З-за далёкага мысу на ўсходзе выкаціўся вялікі чырвона-аранжавы дыск, праклаў да берага залацістую сцежку. Зоркі адразу памерклі. Неўзабаве свяціла паднялося вышэй, паменшылася, пабялела і заззяла на ўсю моц. Чорная паверхня лагуны засрэбралася. Ствалы пальмаў выразна акрэсліліся, на белы пясок ляглі перыстыя ўзоры. Стала відаць нават нашыя сляды. Востраў ахутала халоднае містычнае святло. У гэтай глыбокай таемнай цішыні застыла ўсё, замоўклі нават птушкі, толькі чуўся лёгкі плёск хваль.
Я не верыў сваім вачам: Мора Дажджоў, Мора Спакою, Мора Яснасці Акіян Бур! Ды нават ні разу не трымаўшы ў руках падручніка па астраноміі, пазнаеш гэтыя знаёмыя плямы. Месяц. Наш Месяц. Наш Месяц узышоў над гэтым светам! А калі наш, то чаму б і не наша Зямля?
Павярнуўся да Траўня – той пацягваў сок з арэха і насалоджваўся жыццём: тым, што сёння кудысьці сцягаўся; што на стале ежа, якую здабыў відавочна не быдлячай працай; што спякоту змяніла прахалода; што гэтыя два чужынцы бавяць яго Усё яго задавальняла. Але не мяне.
– У вас тут толькі адзін месяц? – пачаў я здалёк.
– Навошта нам некалькі?
– Ну вось і спрабую даведацца.
– Нам і аднаго хапае. Навошта ён табе?
– Ведаеш, у нас кіношнікі, каб паказаць іншую планету, малююць на небе некалькі месяцаў. Абавязкова трэба цэлы рой, і каб адзін – ледзь не на паўнеба!
– Ага, на паўнеба, – усміхнуўся Травень у сваёй звыклай манеры. – І добра ім там жывецца?
– Каму? – не зразумеў я. – Прадзюсарам? Ды ў іх грошай куры не клююць
– Туземцам! – перабіў мяне Травень. – Каб было некалькі месяцаў, мы б з табой ужо патапіліся. Ці калаціліся б зараз вунь на той гары. А калі яшчэ на паўнеба, як ты кажаш, то і самога вострава б не знайшоў. Яны чым думаюць, гэтыя твае пра-дзю-са-ры?
– Грашыма, – узброіўся я чужымі словамі. – Напішы ды ў рамачцы на сцяне павесь сваю фізіку.
Далей я распавядаў пра адзін вядомы фільм, дзе сінія чалавекападобныя туземцы спакойна гуляюць сабе па джунглях. Нават па востраве ў акіяне. І таму акіяну і спраў няма да газавага гіганта ў небе ды яшчэ да дзясятка іншых суседзяў-месяцаў – у яго свая амплітуда прыліваў і адліваў. Законам Кеплера і Ньютана там няма чаго рабіць, мяжа Роша таксама можа адпачываць.
Суразмоўца пачухаў патыліцу, дакладней, пашабуршаў пяцёрняй у сваёй сакавітай траве: кухня кінаіндустрыі была яму невядомая. Усе гэтыя словы – прадзюсары, сцэнарысты – нічога яму не гаварылі. Пусты гук, як бы там ні стараўся транслятар.
– Калісьці я быў у свеце, дзе два месяцы – больш туды ні нагой, – прызнаўся Травень. Паказаў на трохмятровы мармуровы дыск побач з намі. – Адзін вось як гэтая манета. Другі – куды меншы, памерам з яблык, мабыць, на далёкай арбіце. Яны іншага колеру: зялёны гігант і чырвоны карлік
Травень замоўк, успамінаючы, відаць, нешта надзвычайнае.
– Ну і як? – не вытрымаў я доўгай паўзы.
– Ніяк, – засмяяўся валацуга. – Два дні на дрэве прасядзеў, пакуль прылівы не адышлі. Там кожнае дрэва на раўніне – з кіламетар вышынёй, усе на каранях-хадулях. Вада да ста метраў падымаецца, хоць тое мора невядома дзе – па сушы хвалю на сотні кіламетраў гоніць. А ноччу відаць як удзень, кожны лісцік пералічыш.
– Ух ты! Ведаеш, я б там з радасцю прасядзеў два дні!
– Па вушы ў гразі, – дадаў Травень. – Пасля адліву нідзе не пройдзеш, з кораня на корань, як малпа, пераскокваеш Паляну абысці – той яшчэ квэст, на цэлыя суткі. І зямлю ўвесь час трасе, дрэвы хадуном ходзяць, а зверху вулканічны попел сыплецца.
– Ведаеш, калі месяц вялікі і зялёны – там можа быць жыццё! –зарадаваўся я, быццам сам яго адкрыў, засталося яшчэ назву ў свой гонар даць.
– Зялёны – не абавязкова расліннасць.
– Ты атмасферу змог разгледзець?
– Там і ўнізе жыцця хапае, – адмахнуўся Травень. – Дзень пасядзіш з рудымі малпамі на галінах – наверх глядзець не захочаш.
– Ведаеш, мы ўжо паўстагоддзя таму на Месяц высадзіліся, – пахваліўся я з асаблівай ўрачыстасцю. – Пакінулі там сляды, сцяг паставілі. А ў вас як?
– Нам туды нельга.
– Чаму? Няма на чым лётаць?
– Нельга туды лётаць, – адрэзаў Травень.
Усяму свой час, як казаў Эклесіяст час маўчаць, і час гаварыць. Лепш пачакаць – само адкрыецца. Ну, маўчаць мне ніяк не ўдавалася. Мільён пытанняў у чарзе, і кожнае лезла, штурхаючы лакцямі адно аднаго.
– Слухай, ты ў той свет таксама праз іголку трапіў? – не сунімаўся я.
– Не, ёсць розныя шляхі. У кожным каралеўстве свае магчымасці.
– І што гэта за магчымасць?
– Дзве манеты аддаў за гэтую магчымасць.
Травень чамусьці не імкнуўся выдаваць мясцовыя таямніцы. Але ж мне не даруюць, калі вось так проста прыпыню збор звестак.
Я пераскочыў на мясцовую валюту:
– Здаецца, дзве манеты – гэта не так і шмат, у нас цэлыя заробкі аддаюць, каб толькі на мора зездзіць. А што за манеты? Пакажаш?
– Ды вось яна, ты на ёй свінячыш, – засмяяўся турыст-міжсусветнік і весела палёпаў па мармуровым стале, які быў зашмальцаваны рыбіным тлушчам і заліты ліпкім сокам.
– Што?! Гэта манета? – не паверыў я. – Ізноў жартуеш? Яна ж больш за метар! Дзе такую кішэню знайсці?
– А навошта ў кішэню? Каці сабе куды трэба.
– Яе цэлым гуртам штурхаць трэба!
– Ага, затое і не скрадзеш, – засмяяўся Травень.
Уладальнік гэтага вялікага наміналу падвёў мяне да дзвюх большых манет, на трэць укопаных у зямлю, і ласкава пагладзіў па мармуры.
– Не абавязкова кудысьці каціць, вось, яны мне ўжо не належаць. Яшчэ адна на дне ляжыць – гадоў дваццаць таму там плыт перавярнуўся. Я тую ўтопленіцу месяц таму набыў за чорную пярліну, а потым абмяняў на адну цацку ў дзеда Кірмаша.
– Што, проста на дне ляжыць? І з абарачэння не выходзіць?
– Каму так хочацца ля парога чатыры тоны паставіць – хай лезе і выцягвае.
– Ведаеш, можна збыць манету, а потым схаваць так, што ніхто не знойдзе! – Прачнуўся ўва мне ўнутраны зладзюжка.
– Ага, хавай, калі няма чым заняцца. Ніхто з цябе душу вытрасаць не будзе, манета пойдзе далей па руках.
– А што, калі вазьму молат і раструшчу на дробныя кавалкі? – Зладзюжка адступіў, затое забурчаў сабака на сене. – Калі на пыл сатру, што тады?
Травень уздыхнуў, мабыць, я яго ўжо добра дапёк. Ну, пацярпі, калі прывёў на сваю галаву.
– Кошт не ў каменні. Ён у самім факце зяўлення гэтай манеты на свет. Тады, калі яе выцесалі ў мармуровым кареры. Яна фіксуецца адразу ж пасля першага разліку.
– І дзе яна фіксуецца?
– Ды нідзе. – Травень паглядзеў на мой разгублены твар і пастукаў пальцам па скроні. – Вось тут, калі цяжка ўявіць інакш.
Я налічыў на адкрытым усім вятрам рахунку аж дзевяць гэтых манет, ды яшчэ адна ў хіжыне, таксама засвінячаная. Паспрабуй яго абчысці! Ні рукамі, ні трактарам: вусныя транзакцыі – гэта наша ўсё. Калі ў гэтым свеце ўмеюць думкі чытаць, то банкі могуць адпачываць.
– Дык гэта ж блокчэйн! – Мне аж дух захапіла, хоць, здавалася, пасля сённяшняга ўжо цяжка было чаму-небудзь здзівіцца.
– Ага, блокчэйн.