
Полная версия:
Андрей Ясько Апошні алгарытм
- + Увеличить шрифт
- - Уменьшить шрифт
Пляцоўку таксама, як і ў каньёне, укрывала смецце – тоўсты зляжалы пласт, пад якім чвякала вада. Мяркуючы з таўшчыні пласта, тут пражыло не адно пакаланне ограў. Паабапал выхаду ў двух нішах застылі вершнікі ў поўным рыштунку. На галовах каменных коней віселі рэшткі сеткі з тоўстых ліян. Травень паведаміў, што сеткай Глышка вылоўліваў занадта ахвочых дзікоў: чакаў, пакуль хто сунецца ў каньён, а потым гнаў да гэтых быкоў, дзе ўжо перакрываў выхад.
У глыбіні ўсходняга і заходняга ўваходаў віднеліся заваленыя залы, не пралезці. Паўночны ўваход перакрывалі масіўныя дзверы – пяціметровыя палотны ад нізу да самага верху аркі. Створкі былі выкаваныя ў выглядзе кветак, вінаграднай лазы, матылькоў і дробных птушак. Трымаліся на умураваных у скалу вертыкальных слупах, якія ўвенчвалі бронзавыя совы. І дзверы, і слупы, і совы на іх пазелянелі ад часу.
Да дзвярэй звонку быў прывалены вялікі, вагой пад тону, валун. Побач прыткнуўся меншы камень. Калі апошні яшчэ можна было пасунуць, добра ўпёршыся, то першы нават удваіх на сантыметр не скранеш. Праз шчыльныя ўзоры хіба што кацяня праціснецца.
Знутры горнай залы цягнула моцным скразняком. Менавіта там, у чарнаце, знаходзіўся тунэль.
– Пакрыўдзіўся ўсё-такі, – пасміхнуўся Травень, выцягваючы з кішэняў ужо знаёмыя флакон і шпульку. Кіўнуў на меншы валун. – Яшчэ на тым тыдні падпіраў толькі гэтым.
Шчыра кажучы, ад ізалятара і правадніка мне стала яшчэ вусцішней, чым ад дзікага огра. Калі мы ледзь не прапалі на голым стале, дык што казаць пра гэтыя завалы смецця? Чаго там толькі не поўзала! На шчасце, нам хапіла паменшыцца да памераў таго самага кацяняці.
Мы праціснуліся паміж бронзавымі кветкамі, а потым хвілін дзесяць чакалі за тым самым валуном, які заблакаваў шлях: скразняк хвастаў так, што збіваў з ног. Ды з каціным ростам лезці ў цемру не карціла нікому. Лабрык і той прыціх, туліўся да нас, хоць мы намагаліся яго адагнаць. Лабрадор вырваўся з рук яшчэ да таго, як я адпусціў праваднік – цяпер даставаў мне да падбародка, чым і скарыстаўся: адным узмахам языка абмыліў твары і мне, і Траўню.
– Не разумею, чаму б проста не паменшыць сам камень? – пацікавіўся я, калі абцёр рукавом вынікі сабачага мыцця. – Адкінулі б яго ўбок… ці лёгкія шляхі нам не патрэбныя?
– Тут нашы погляды з Глышкай супадаюць.
– Каб ніхто не лез з таго боку?
– Ты даволі здагадлівы.
– Думаеш, абыйсці па гарах нельга?
– Паспрабуй абыйсці, – пасміхнуўся Травень. – Усе шляхі толькі праз Маяк.
– Маяк? Дзе ён? На тым баку вострава?
– На гары, – Травень паказаў пальцам угору.
Я прасачыў позіркам туды, дзе патанула ў густым змроку каменная столь: не памятаю, каб бачыў на гэтых скалах маяк, калі ішлі сюды. Можа, дзесьці зарос у джунглях? Здаецца, транслятар нарэшце сапсаваўся і перадае крыху не тое.
– У нашым свеце маякі стаяць па берагах, – бліснуў я эрудыцыяй. – Каб караблі не наляталі на рыфы.
– У вашым, ды не ў нашым.
– Завалакчы маяк на самую гару мае сэнс? Ведаеш, у нас гэта называецца вежай сувязі! Можа, усё-такі праверыш свой транслятар?
– Для сувязі вежы нам не патрэбныя, а вось Маяк – арыентыр на дзевяты бок свету.
Я аж падскочыў на месцы, вытарашчыў вочы.
– На які яшчэ дзевяты бок свету?!
– На самы звычайны.
Здаецца, ты пра школу толькі чуў. Я павярнуўся да невука з намерам даць урок геаграфіі і асёкся: а што, калі тут пашыраная сістэма кірункаў? Што, калі тут дадаюцца яшчэ восі? Паміж поўначчу і ўсходам, напрыклад, яшчэ адна вось? Чаму б не замацавацца і паўночнаму ўсходу? І так далей. А дзе восем кірункаў – там і дзевятаму знойдзецца месца. Чаму яны павінны паўтараць нашу сетку каардынат?
Ды і Травень гаварыў спакойна, не жартаваў.
Даведацца пра дзевятую вось я не паспеў, бо ў гэты момант далёкая столь рэзка наблізілася, валун за спінай сціснуўся, а Лабрык вярнуўся да звыклых памераў. Зірнуўшы апошні раз на чорных быкоў, мы рушылі ў цемень.
Сцены, столь, нават падлога – усё хавалася ў цемені. Наперадзе хоць вока выкалі. Ззаду віднеўся толькі светлы чатырохкутнік. Травень ішоў упэўнена, відаць, даўно ведаў тут кожны куток. Мне заставалася трымацца яго, раз-пораз налятаючы на спіну. Ногі ступалі па напластаваннях смецця, пахла гніллю, зямлёй і цвіллю.
– Асцярожна, косткі, – папярэдзіў голас з цемры.
Нешта злавесна затрашчала пад маімі красоўкамі.
– Калона леваруч… цяпер прыступкі ўгору, трымайся за сцяну праваруч.
Я намацаў сцяну – яна была аздоблена барэльефамі не менш шчодра, чым скалы звонку. Неяк адразу адчуў сябе смялей. Злева ўгадвалася другая сцяна, да яе можна было нават дацянуцца, калі зрабіць крок. Скразняк набраў моц. Калі ў прасторнай зале ён няшчадна хвастаў па нагах і ўсё мацней штурхаў у спіну, то ў тунэлі зусім перарос ва ўраганны вецер – пагнаў наперад, нібы перакаці-поле. Толькі паспявай перастаўляць ногі. Не ўяўляю, як прабівацца тут насустрач.
Тунэль цянуўся бясконца: тут не было паваротаў, каб адзначаць хоць нейкія арыентыры, хіба што лічыць уласныя крокі. Лабрык прыціскаўся да ног, скуліў, патрабаваў вярнуцца. Я ўжо змірыўся, што давядзецца ісці і ісці, у гэтай поўнай цемры, можа, праз увесь востраў, як сцяна раптам скончылася.
У твар дыхнуў прахалодны вецер. Вакол раскінулася начное зорнае неба, на тле якога акрэсліваліся высокі дах і масіўныя калоны. Пахнула лаўрам, ядлоўцам і кедравай смалой.
З хвіліну я стаяў, разявіўшы рот, потым сціснуў кулакі і пагрозліва насунуўся на правадыра.
– Кажаш, усе парталы павінны быць маленькімі?