
Полная версия:
Леанід Лаўрэш Лідскі замак. Кароткая гісторыя
- + Увеличить шрифт
- - Уменьшить шрифт

Лідскі замак
Кароткая гісторыя
Леанід Лаўрэш
Дык жа стой, харашэй і змагайся,
Замак мой, замак роду майго.
Станіслаў Суднік.
© Леанід Лаўрэш, 2026
ISBN 978-5-0068-0490-6
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Ад аўтара
Горад Ліда і Лідчына заўсёды займалі важкае становішча ў гісторыі і культуры Беларусі. Зараз старажытны беларускі горад Ліда месціцца ў Гродзенскай вобласці і з'яўляецца цэнтрам Лідскага раёна. Знаходзіцца за 112 км на ўсход ад Гродна і 96 км на поўдзень ад Вільні. Горад з'яўляецца чыгуначным вузлом, ад станцыі Ліды адыходзяць чыгуначныя лініі на Гродна, Вільню, Маладзечна, Баранавічы. Плошча Ліды каля 25 км2, у горадзе жыве 103 262 чалавекі (на 1 студзеня 2025 года), на самым пачатку XX ст. — каля 10 000.
У горадзе працуе шэраг буйных прадпрыемстваў, маецца 14 агульнаадукацыйных сярэдніх школ, ліцэй, гімназія, каледж, музычны каледж, 2 прафесійныя каледжы, школа алімпійскага рэзерву, 53 дашкольныя ўстановы. Працуюць 5 паліклінік, цэнтральная раённая бальніца і міжабласная псіханеўралагічная бальніца «Астроўля».
Як і ўсе беларускія гарады, Ліда мае сваю працяглую і слаўную гісторыю.
Лідзяне не могуць уявіць свой горад без замка і іх заўсёды будзе цікавіць яго гісторыя і хваляваць яго лёс.
Дом маіх бацькоў стаяў зусім недалёка ад замка, і гэты помнік беларускай гісторыі і культуры з'яўляецца часткай майго дзяцінства. Таму я і пішу пра замак, бо ён — сэрца і пачатак горада, гонар і наша галоўная архітэктурна-гістарычная каштоўнасць.

Адзін з першых малюнкаў з выявай Лідскага замка i горада належыць мастаку Юзафу Пешку (19.02.1767 — 4.09.1831). Гэта акварэль паказвае замак і горад у пачатку XIX ст., на ёй бачны стаў вакол маляўнічых руін замка, на поўнач ад муроў — будынак фарнага касцёла, узведзены ў 1770 г.
Гэта кніга — толькі невялікі нарыс, у якім я, як аўтар, раскажу дасведчанаму чытачу не шмат новага ці раней невядомага. Мэта кнігі — коратка расказаць пра гісторыю замка ад пачаткаў да нашага часу, каб зацікаўлены чытач мог хутка атрымаць усю неабходную інфармацыю. У гэтым сэнсе я іду па шляху невялікай, але вельмі важнай у свой час кнігі нашага выбітнага гісторыка і даследчыка Лідскага замка Алега Трусава «Старадаўніх муроў адраджэнне. Мінулае і сучаснасць Лідскага замка» (Мінск, 1990.), якая пэўна была першай кнігай, цалкам прысвечанай гісторыі замка, аднак пачаткам лідскага краязнаўства, бясспрэчна, стала кніга лепшага ў XX ст. знаўцы гісторыі Лідчыны Міхала Шымялевіча «Город Лида и Лидский замок: исторический очерк» (Вильна, 1905.).
Лідскі замак даследаваў Тэадор Нарбут, яго ўсебакова вывучалі Вандалін Шукевіч, кс. Казіцкі, Вацлаў Студніцкі, Пётр Пакрышкін, др. Лорэнц. Яўстах Тышкевіч першым вызначыў, што замкі ў Лідзе, Крэве, Гальшанах, Міры па сваім тыпажы блізкія да заходнееўрапейскіх. Але галоўную працу па вывучэнні замка зрабілі даследчыкі ў ХХ ст., прозвішчы якіх я ўзгадаю ў гэтым тэксце.
Пачаткі Ліды
У канцы 1933 г. у Лідзе на Выгане (тэрыторыя сучаснага гарадскога парка, пошты, школы №1 і педагагічнага каледжа) падчас земляных работ на зямлі, якая належала настаўніку Мар'яну Міхальчыку, была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі. Таўшчыня чарапкоў была характэрнай для вырабаў з керамікі старадаўніх часоў. Інжынер, які кіраваў работамі, пераслаў чарапкі ва Управу па кансервацыі (управа, якая займалася аховай помнікаў) у Вільні і прыпыніў работы.
Аналагічная кераміка была знойдзена таксама і ў трошкі іншай частцы Выгана. Абодва месцы знаходзіліся па краях ўчастка Міхальчыка. Была высунута ідэя, што на гэтым месцы знаходзілася гарадзішча ці паселішча. Лідскі стараста Багаткоўскі выклікаў у Ліду асістэнтку кафедры археалогіі Віленскага ўніверсітэта др. Хелену Цэгак (якая хутка стане вельмі вядомым і аўтарытэтным археолагам). З прыездам навукоўцаў плошча раскопак была пашырана і знойдзены новыя керамічныя чарапкі. Чарапкі мелі «славянскі стужкавы арнамент, які адносяць да племянных груп, што ішлі з усходу», і так стала вядома, што з XI па XIII ст. тут існавала славянскае паселішча. У Лідзе др. Хелена Цэгак знаходзілася разам са сваім будучым мужам і будучым вядомым археолагам Уладзімірам Галубовічам, які напісаў два газетныя артыкулы пра паселішча: «Знаходка старажытных слядоў чалавека ў Лідзе» і «Падарожжа ў невядомае».
У сваім другім артыкуле др. Галубовіч канстатаваў: «Можна ўжо рабіць высновы. Некалі ў акрэсе часу ад ХІ да ХІІІ ст. існавала на гэтым узвышшы славянскае паселішча. Сляды яго сёння цалкам знішчаны. Чаму славянскае? Чарапы посуду маюць славянскі стужкавы (пасьмавы) арнамент, характэрны для племянных груп, якія ішлі з усходу. Лідскі стараста Багаткоўскі зрабіў вялікую паслугу навуцы. На археалагічнай карце… з'явіцца новы знак, які паказвае, што на тэрыторыі Выгана знойдзены сляды побыту славян у раннегістарычную эпоху ў нашым краі»1.
Можна зрабіць выснову, што знойдзенае на Выгане паселішча — гэта і ёсць Ліда, пра якую пісаў Нарбут, Ліда, заснаваная ў 1180 г.
Істотным з'яўляецца тое, што і брат-блізнюк нашага замка — замак у Крэве, быў таксама пабудаваны недалёка ад старога славянскага гарадзішча. Працытую фрагмент з тэксту даследчыка Крэўскага замка, гісторыка Алега Дзярновіча: «Старажытнае ўмацаванае паселішча Крэва выяўлена за 2 км ад замка, па Смаргонскаму шляху, у межах сённяшняга разлеглага мястэчка Крэва. … Стала неспадзяваным, што выяўленыя крэўскія матэрыялы цалкам адпавядаюць матэрыяльнай культуры гарадоў Усходняй Еўропы, ці, інакшымі словамі — Старажытнай Русі.
Паводле гэтага комплексу артэфактаў… можна сцвярджаць аб прысутнасці на Крэўскім гарадзішчы ўсходнеславянскага насельніцтва ў ХІ—ХІІІ стст.».
Вядома, што і другі сваяк нашага замка — замак ў Медніках (Мядзінінкаі), таксама быў пабудаваны недалёка ад шчыльнай драўлянай забудовы старога паселішча, культурныя слаі якога выявілі археолагі. Заўважу, што ў «Списке русских городов дальних и ближних» (канец XIV ст.) разам з мноствам несумненна старабеларускіх гарадоў, такіх, як Полацак, Мінск, Слуцак, Віцебск і г. д., прысутнічаюць таксама і Меднікі. Аўтарытэтны беларускі археолаг Эдвард Зайкоўскі лічыў, што гэты спіс складзены яшчэ ў часы Гедыміна.
Магчыма таму даследчык гісторыі ВКЛ Стэфан К. Роўэл пісаў, што «… медніцкі, лідскі і крэўскія замкі былі перабудаваныя на мураваныя», магчыма, Роўэл лічыў верагодным існаванне папярэднікаў мураваных замкаў, якія стаяць і сёння.
Грунтуючыся на фактах, можна высунуць гіпотэзу, што гэтыя замкі адмыслова будаваліся каля славянскіх гарадзішчаў на мяжы з балцкім насельніцтвам.

Водная сістэма г. Ліды, прамаляваная на аэрафотаздымку красавіка 1944 г., месцазнаходжанне «Ліды Нарбута» і лідскага замка. Цікава, што горад Ліда 16—18 стст. стаяў як раз паміж «Лідай Нарбута» і лідскім замкам.
Працяглы час лічылася, што старая Ліда знаходзіцца пад нашым замкам. І толькі, калі да меркаванага юбілею горада ў 1980 г. археолагі не знайшлі старой Ліды ні пад замкам, ні каля яго, было прынята дзіўнае і нічым не абгрунтаванае рашэнне значна амаладзіць Ліду. Цікава, што сярод вялікай колькасці пляцовак у нашым горадзе, дзе праводзіліся раскопкі і бурэнні, беларускія археолагі працавалі на дзвюх пляцоўках, якія знаходзяцца прыкладна за 100 м ад старой Ліды, але ў той час лёс быў супраць яе адшукання…
Той самы «Мар'ян Міхальчык», на пляцы якога была старая Ліда, знайшоўся ў маіх базах дадзеных, у тэлефонным даведніку 1939 г., у якім маецца наступны радок: « [тэлефон №] 171 — Міхальчык Мар'ян, 11-га Лістапада, 2». Тагачасная вуліца 11-га Лістапада сёння мае назву 7-га лістапада. Дом №2 выходзіў проста на вуліцу Міцкевіча, якая ў сучасным выглядзе з'явілася толькі пасля адкрыцця пошты. Улічваючы, што ўчастак дома №2 Міхальчыка, магчыма, зараз часткова знаходзіцца пад вуліцай Міцкевіча і на тэрыторыі сучаснага парку, а таксама тое, што археолагамі «была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі… чарапкі таксама былі знойдзены ў іншай частцы Выгана», і «з прыездам археолага плошча раскопак была пашырана» ў бок Выгана, дык старая Ліда, павінна займаць тэрыторыю сучаснага дома №2 па вуліцы 7-га Лістапада і паўдзённую частку парку насупраць гэтага дома.
Каардынаты меркаванага цэнтра гэтага старажытнага паселішча: 53.89506085696649, 25.293034591800847.
Некалькі словаў, пра тое што такое Выган. Практычна любы беларускі горад у старыя часы меў так званую «Ферму» — месца дзе гараджане мелі свае гароды, і «Выган» — месца дзе гараджане пасвілі сваю жывёлу. На аэрафотаздымку 1944 г., я прамаляваў водную сістэму нашага горада, добра бачна, што наш замак Гедыміна стаіць на зліцці рэк Лідзейкі і Каменкі, а старая Ліда месцілася на ўзгорку сярод двух рукавоў рэчкі Каменкі — у абодвух выпадках паселішча і замак добра засланяліся ад нападнікаў рэкамі і дрыгвой. Пэўна, замак быў перанесены прыкладна на 1 км на поўдзень (у такое ж самае балоцістае месца зліцця Лідзейкі і Каменкі) з-за адсутнасці адпаведнага па памерах пляца, неабходнага для будаўніцтва вялікага мураванага замка ў старой Лідзе паміж рукавамі Каменкі.

«Ліда Нарбута» на аэрафотаздымку красавіка 1944 г. і сучасным здымку з гугль-карты. 1 — Дом Мар'яна Міхальчыка №2 па вуліцы 11-га Лістапада (7-га Лістапада), 2 — Лідская пошта па вуліцы Міцкевіча, 3 — тагачасная школа, сучасная школа №1.
Вядома, што ў нашым рэгіёне пераважаюць балцкія назвы рэк, аднак рэчка Каменка мае цалкам славянскую назву, якая паходзіць ад слова «камень». Магчыма, з-за наяўнасці тут камянёў і была выбрана пляцоўка для Лідскага замка. Бо цяжка сабе ўявіць, каб у той час мелася магчымасць перавозіць такую колькасць камянёў на вялікую адлегласць. Калі гэта так — дык у сценах нашага замка мы бачым камяні з берагоў рэчкі Каменкі. Але гэта толькі гіпотэза.
Было б цудам, каб у глыбіні зямлі на вызначанай тэрыторыі «Ліды Нарбута» яшчэ заставаліся нейкія археалагічныя артэфакты, але пасля знаходкі дакладнага месца старога беларускага паселішча, тут трэба было б усталяваць памятны знак, ролю якога зараз выконвае вядомы ўсім лідзянам знак «Я люблю Ліду», які стаіць прыкладна на паўночнай мяжы былога гістарычнага паселішча.
Як па мне, дык гэта і сёння самая прыгожая частка нашага горада.
Пачаткі Лідскага замка
Такім чынам, к моманту пачатку будаўніцтва Лідскага замка, недалёка ад яго на рэчцы Каменцы ўжо існаваў населены пункт.
Лідскі замак — помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя, пачатак яго будаўніцтва адносяць да 1323 года. Замак уваходзіў у лінію ўмацаванняў Наваградак — Крэва — Меднiкi — Трокi. З пункту гледжання архітэктуры ён спалучае рысы раманскага стылю і ранняй готыкі. Пабудаваны на пясчаным узгорку (вышэй 5—6 м) і раней быў абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лiдзеi і Каменкі, а таксама ровам шырынёй каля 20 м, які злучаў абедзве рэчкі і аддзяляў замак ад горада з поўначы. Вышэй я ўжо пісаў, што Лідскі і аднатыпныя яму замкі ў Крэве і Медніках з'явіліся каля старажытных беларускіх паселішчаў, верагодна на мяжы славяна-балцкага падзелу.
Выбітны беларускі гісторык, прафесар Алесь Краўцэвіч пісаў, што ў студзені 1323 года Гедымін распачаў шырока спланаваную дыпламатычна-прапагандысцкую акцыю. У рыжскай канцылярыі рыхтаваліся на лаціне — тагачаснай афіцыйнай мове Заходняй Еўропы — знакамітыя лісты Гедыміна. Рыжане дапамаглі не толькі напісаць пасланні ліцвінскага гаспадара, але і даставіць іх адрасатам. Лісты былі скіраваныя да папы рымскага, буйных паўночна-нямецкіх гарадоў, а таксама да манаскага ордэна дамініканаў. З лістоў бачна, што Гедымін намерваўся адкрыць сваю краіну для заходнееўрапейцаў. З ліста да рымскага першасвятара, напісанага ў студзені 1323 года, акрамя іншага князь пісаў, што ён не з'яўляецца ворагам каталіцкай веры, і як і яго папярэднікі прыняў у сябе манахаў францішканаў і дамініканаў, даў ім поўную свабоду пропаведзі і хрышчэння. Для гэтага пабудаваў два касцёлы ў Вільні і аднавіў спалены крыжакамі касцёл у Наваградку. У канцы паслання вялікі князь заявіў пра свой намер хрысціцца.
Атрымаўшы станоўчы адказ ад папы, Гедымін напісаў чарговы ліст (25 студзеня 1323 года) да жыхароў нямецкіх гарадоў, у якім паведаміў пра перапіску з папам рымскім, пра сваё жаданне хрысціцца, пра станоўчы адказ папы і, галоўнае, запрасіў на сталае жыхарства ў сваю краіну прадстаўнікоў розных грамадскіх станаў: святароў, рыцараў, збраяносцаў, купцоў, лекараў, рамеснікаў. Пералічваў нават рамесныя спецыяльнасці: кавалёў, вознікаў, шаўцоў, гарбароў, млынароў, пекараў, лавачнікаў ды іншых адмыслоўцаў. Запрашаліся таксама сяляне, якім гаспадар гарантаваў зямельны надзел і вызваленне ад падаткаў на дзесяць гадоў.
Гедымін разумеў — каб дасягнуць мэты, трэба самому стаць часткай той цывілізацыі і найперш прыняць хрысціянства, і ён рабіў паслядоўныя крокі ў набліжэнні да Еўропы.
У XIV ст. еўрапейскае сярэднявечча ўвайшло ў сваю апошнюю фазу, якую знакаміты галандскі медыявіст Ёхан Хёйзінга назваў «восенню сярэднявечча» бо распачаліся вялікія перамены, ацэненыя сучаснымі гісторыкамі як заняпад феадальнай Еўропы. З усёй паўнатой і сілай агульнаеўрапейскі крызіс увідавочніўся неўзабаве пасля смерці Гедыміна, у канцы 1340-х гг.
Ужо ў пачатку стагоддзя ў Заходняй Еўропе выявіліся прыкметы застою ў гаспадарцы. Некалькі неўраджаяў запар у 1314—1317 гг. выклікалі голад, які ахапіў многія краіны Еўропы і паглыбіў гаспадарчы крызіс. Узрасла смяротнасць і запаволіўся натуральны прырост насельніцтва. Абвастрыліся палітычныя і сацыяльныя канфлікты.
Спрэчка Французскага каралеўства з папствам прывяла да гэтак званага «авіньёнскага палону папаў» (Авіньён — горад на паўднёвай мяжы Францыі), які працягваўся 70 гадоў. У 1312 г. нямецкаму каралю Генрыху VII ўдалося наладзіць у Рыме сваю каранацыю на імператара. Праз год з невялікім новы імператар памёр, і распачалася вайна паміж двума прэтэндэнтамі на ягоны трон. Гэтая сітуацыя дапамагла вызваліцца з-пад нямецкай апекі адной з імперскіх правінцый — Швейцарыі. Перамога швейцарцаў над войскамі Леапольда Габсбурга паклала пачатак незалежнасці іх краіны.
Папа рымскі Ян XXII таксама спрабаваў выкарыстаць нямецкую спрэчку для
ўзмацнення сваёй пазіцыі ў Італіі і ўсёй Еўропе і з новай сілай разгарэўся стары канфлікт паміж папамі і нямецкімі імператарамі за дамінаванне ў Заходняй Еўропе.
Незадоўга да смерці Гедыміна ў 1337 г. распачалася Стогадовая вайна паміж Францыяй і Англіяй. У Іспаніі ў гэты час заканчвалася выгнанне арабаў з Пірэнеяў.
Адначасова ў шэрагу еўрапейскіх дзяржаў выявіліся тэндэнцыі да цэнтралізацыі. На пачатку XIV ст. моцная цэнтральная ўлада існавала ў Англіі, Францыі, Кастыліі і Арагоне. Паступова ў многіх краінах каралеўская ўлада была часткова абмежаваная прадстаўнічымі органамі грамадскіх станаў парламентамі), найперш стану феадальнага. У Даніі, Швецыі і Нарвегіі правілам стаў удзел у парламенце прадстаўнікоў вольнага сялянства, асабліва шматлікага ў Скандынавіі.
Аднак надалей раздробленымі заставаліся Італія, дзе дамінавалі буйныя гарадскія камуны (вялікую кар'еру рабіла Венецыя), і Германія — з моцнымі ўплывамі буйных феадалаў.
Аб'яднаўчыя працэсы паступова набіралі моц ў Сярэдне-Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе. На пачатку XIV ст. адбылося аб'яднанне ў адзіную дзяржаву шэрагу румынскіх земляў, раскінутых ад Карпат да Дуная. Землі сённяшняй Малдовы да сярэдзіны XIV ст. заставаліся пад уладай Залатой Арды.
У Малой Азіі на пачатку стагоддзя выявілася новая сіла — Асманская Турцыя, якая на цэлае наступнае паўтысячагоддзе стала вялікай праблемай Еўропы. Ужо з другой чвэрці XIV ст. турэцкая дзяржава распачала наступ на аслабелую Візантыю. Магутная некалі Візантыйская імперыя набліжалася да свайго канца. Спробы візантыйцаў спыніць туркаў з дапамогай наёмнага каталонскага войска закончылася правалам. У 1320—1328 гг. імперыю руйнавала міжусобная вайна. Акрамя гэтага ў 1320-я — 1330-я гг. Візантыя вяла цяжкія і беспаспяховыя войны з Балгарыяй і Сербіяй.
Паступова ўзмацнялася цэнтральная ўлада і ў Венгерскім каралеўстве. Пасля больш чым паўтаравяковага перыяду раздробленасці пачаўся працэс цэнтралізацыі польскіх земляў. Куяўскі князь Уладзіслаў Лакетак пачаў валадарыць у Малапольшчы і Вялікапольшчы але страціў Памор'е на карысць Тэўтонскага ордэна і ў 1320 г. стаў каралём Польшчы. Ягоную справу працягнуў і дасягнуў у ёй небывалых поспехаў сын Казімір (зяць Гедыміна).
На ўздыме знаходзілася дзяржава Тэўтонскага Ордэна ў Прусах. Некалькі дзесяцігоддзяў пасля поўнага скарэння мясцовых плямёнаў рыцары выкарысталі гаспадарчага засваення здабытай краіны. Дапамаглі ім у гэтым каланісты з перанаселеных нямецкіх земляў, якія пачалі масава наплываць сюды. Ордэн вёў даволі паспяховую вайну з Літвой, а ў 1308 г. здабыў багатае польскае Памор'е з буйным балтыйскім портам Гданьскам.
Уся Паўночна-Усходняя Русь (будучая Расея) надалей знаходзілася ў васальнай залежнасці ад Залатой Арды. Яе ўдзельныя князі актыўна змагаліся за палітычнае першынство. Паступова ў першы шэраг пачалі выбівацца князі маскоўскія, якія заявілі прэтэнзіі на лідарства ў рэгіёне. Прэцэдэнт стварыў князь Юры Данілавіч (1303—1325), здабыўшы ў 1317 г. ярлык на вялікае княжанне.
Ягоны брат і пераемнік Іван Данілавіч па мянушцы Каліта (1325—1340) — сучаснік Гедыміна — заставаўся верным васалам Арды і адначасова ўзмацняў пазіцыю Масквы. Яму ўдалося захаваць тытул вялікага князя ўладзімірскага да канца жыцця, якое ён закончыў амаль што адначасова з Гедымінам. Менавіта ў часы Каліты і Гедыміна адбыўся першы канфлікт з усходам, які, аднак, не прывёў да непасрэднага збройнага сутыкнення.
Вядома, што трывалы мір можна забяспечыць з пазіцыі сілы. І Гедымін распачаў вялізарнае замкавае будаўніцтва пры заходніх рубяжах краіны: у Лідзе, Крэве, Медніках, Троках, Вільні, Коўне. Мяркуецца, што будаўніцтва вышэйзгаданых замкаў цесна спалучана з прыездам замежных майстроў, бо ўсе яны з'яўляюцца кастэлямі2 — дастаткова тыповымі еўрапейскімі замкамі рэгулярнай формы. Першапачаткова замкі-кастэлі ВКЛ будаваліся на ўзор крыжацкіх лагербургаў — лагераў-замкаў. Прастакутная пляцоўка абносілася адным шэрагам мураваных сцен з баявымі галерэямі, як у Лідзе, ці двайнымі шэрагамі мураваных сцен з пярэдняй нізкай мураванай сцяной на ўзор нямецкага цвінгэра (першы Ковенскі замак). Вуглы ўмацоўваюцца вежамі прастакутнай формы, якія будаваліся з унутранага боку.
Прафесар Краўцэвіч лічыць, што разам з гарадскімі ўмацаванымі цэнтрамі ў Гродна, Ваўкавыску, Слоніме, Наваградку новыя замкі стварылі абарончую лінію пры заходняй мяжы дзяржавы — магутную заслону ад ордэнскіх нападаў, стваралі «заходні шчыт Гедыміна». У гэтым месцы я планаваў даць невялікі нарыс пра князя Гедыміна, але лепш накірую вас да кнігі Алеся Краўцэвіча пра гэтага князя (кніга ёсць у інтэрнеце)3.
Лідскі замак у плане — няправільны чатырохвугольнік (бакі каля 80 м) з дзвюма вуглавымі вежамі. Сцены на невысокім падмурку (70—80 см) маюць таўшчыню: унізе — 2 м, уверсе — 1,5 м. Паўночныя сцены больш тоўстыя, бо толькі з гэтага боку можна было штурмаваць замак, які стаяў практычна пасярод балота. Верхняя частка сцен з баявой галерэяй i байніцамі вымуравана з цэглы. Вонкавыя паверхні сцен пабудаваны з вялікіх валуноў, прамежкі паміж імі запоўнены каменнымі клінамі і забутоўкай з дробных камянёў. Парапет галерэі, таўшчынёй у 70 сантыметраў, складзены з цэглы, мае адзін рад байніц трох тыпаў. Насціл галерэі апіраўся на драўляныя бэлькі сячэннем 20 х 20 сантыметраў. На паўднёвай, усходняй і паўночнай сценах знаходзіліся тры цагляныя данскеры (туалеты) на каменных фігурных кансолях.
Прафесар Міхась Ткачоў у свой час падлічыў, што для будаўніцтва Лідскіх муроў спатрэбілася каля 23 тысяч кубічных метраў каменю, каля 1,5 мільёна цаглін, вялікая колькасць вапны і пяску. Розныя пісьмовыя крыніцы сведчаць, што работы на замку вяліся 5—7 гадоў. Падчас раскопак на тэрыторыі Лідскага замка ў пяску былі знойдзены фрагменты прыладаў працы і зброі людзей каменнага веку бо пясок на замчышча вазілі з найбліжэйшых радовішчаў.
Будаўнікі ўважліва сачылі за тым, каб захаваць акуратныя шэрагі ў муроўцы, таму валуны старанна падбіраліся паводле памераў. Асноўны масіў сцен рабілі з камянёў дыяметрам 20—40 см. Прамежкі паміж імі запаўнялі каменнымі клінамі і друзам, іншы раз цэглай, а потым замазвалі вапнавай рошчынай. Ніжнія часткі сцен і падмуркі ўзводзілі з валуноў дыяметрам да 1 м. У такой тэхніцы пабудаваныя Лідскі і Крэўскі замкі, але як і раней, сцены замкаў мацавалі драўляныя звязы. Іх рэшткі прасочаныя ў мурах Крэўскага і Лідскага замкаў.
Верагодна, яшчэ адным фактарам выбару месца для замка, пасля вялікай колькасці камянёў па берагах рэчкі Каменкі (якіх, бясспрэчна, не хапіла), стала наяўнасць вапны недалёка ад замка. Вядома, што старажытнае беларускае мястэчка Белагруда атрымала сваю назву з-за радовішча вапны ў яго наваколлях. Яшчэ ў «Вопісах парафій Лідскага дэканату ў 1784 г.» чытаем занатоўкі ксяндза Красцэнты Рамана Сумарока, плябана Белагрудскага, што ў адлегласці ў чвэрць мілі ад Белагрудскага парафіяльнага касцёла (у вёсцы Арлянка), у напрамку на паўднёвы захад, мелася «вапельня (печы для абпальвання вапны) Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал-лейтэнанта войск ВКЛ» і «горы з вапнай на землях Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал-лейтэнанта войск ВКЛ, г. зн. у Белагрудзе і Тарноўшчыне, з якіх каменныя выкапні на вапельню ў Арлянку возяць для палення».
Будаўніцтва замка патрабавала вялікай колькасці вапны. Паводле даследаванняў летувіскага знаўцы гісторыі архітэктуры Вайтаса Левандаўскаса4, вытворчасць вапнавай рошчыны ў Сярэднявеччы была складаным і дакладным тэхналагічным працэсам, але менавіта валоданне гэтай тэхналогіяй забяспечвала трываласць старажытных будынкаў. Асноўныя этапы і асаблівасці вырабу:
— Атрыманне вапны (выпальванне) — вапнавы камень (вапняк) выпальваўся ў спецыяльных печах пры тэмпературы каля 900—1000° C, печы размяшчаліся непадалёк ад месца будаўніцтва. У выніку атрымлівалі камякі нягашанай вапны.
— Гашэнне вапны — нягашаная вапна гасілася вадой. Вапну залівалі вадой у спецыяльных ямах (тварылах). Для атрымання якаснага будаўнічага матэрыялу важным было доўгае старэнне гашанай вапны ў вапнавых ямах, што павышала яе пластычнасць. Каб быць выкарыстанай для муроўкі, вапна «спела» ад некалькіх месяцаў да года. А для тынкоўкі ці пад фрэскі — значна даўжэй (часам да некалькіх гадоў). У выніку атрымлівалася пластычнае «вапнавае цеста».
— Склад рошчыны — вапнавая рошчына складалася з пагашанай вапны (вапнавага цеста) і запаўняльніка. У якасці запаўняльніка выкарыстоўвалі буйназярністы рачны або кар’ерны пясок, які абавязкова прамываўся ад гліны, каб палепшыць счапленне. Прапорцыі звычайна складалі 1 частку вапны на 2 ці 3 часткі пяску. Паводле Левандаўскаса, для павышэння трываласці і гідраўлічных уласцівасцей (здольнасці застываць у вільготным асяроддзі) у рошчыну дадавалі здробненыя дабаўкі — таўчоную цэглу (цагляны шчэбень, цамянку), кераміку або попел.
Паводле Левандаўскаса, сярэднявечная рошчына была вельмі пластычнай. Яна павольна застывала (працэс карбанізацыі), што дазваляла мурам «прыстасоўвацца» да прасядання будынка без расколін. Гэтая тэхналогія дазваляла ствараць муры якія, дажылі да нашага часу.

Выраб вапнавай рошчыны ў Сярэднявеччы паводле В. Левандаўскаса.
У канцы ХІІ—ХІІІ ст. у Заходняй Еўропе сталі актыўна вырабляць буйнапамерную (брусковую) цэглу (у першую чаргу ў Ламбардыі, Даніі і Паўночнай Германіі). Галоўная яе перавага — паскарэнне працы муляра. З'яўленне буйнапамернай цэглы было звязана з пашырэннем будаўніцтва цагляных дамоў. На працягу ХІV ст. на беларускіх землях з'яўляецца буйнапамерная цэгла таўшчынёю 10—10,5 см. Да нас яна, верагодна, трапіла з Германіі праз Лівонію і Польшчу. Такая цэгла выкарыстоўвалася пры будаўніцтве замкаў-кастэляў, у тым ліку Лідскага замка і мела памеры 31 х 15 х 10 см. Для аблямоўкі сцен замка ўжывалі цэглу меншых памераў — 31 х 14 х 7 см.



